ЗА ФАКТЫ – 15 СУТАК

15 траўня літаратар, журналіст, кнігавыдавец, архівіст, краязнаўца, сябар Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў Віктар Хурсік судом Старадарожскага раёна асуджаны да адміністрацыйнага арышту на 15 сутак па артыкуле 23.34 КАП (парушэнне парадку арганізацыя або правядзенне масавага мерапрыемства або пікетавання).
Некалькі гадоў таму ў сваім нарысе В.Хурсік на падставе сабраных матэрыялаў напісаў аб жахлівым забойстве партызанамі жыхароў беларускай вёскі. Тэкст двойчы публікаваўся ў ягоных кнігах.
19 красавіка па ініцыятыве мемарыяльнай секцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры побач з каталіцкімі могілкамі вёскі Дражна быў усталяваны і асвечаны праваслаўным святаром памятны шасціканцовы крыж нябеснай заступніцы Беларусі святой Еўфрасінні Полацкай у памяць 25 мірных жыхароў, забітых партызанамі 2-й Мінскай партызанскай брыгады 15 красавіка 1943 года. Імёны загінулых пералічаныя на мемарыяльнай шыльдзе, прымацаванай да крыжа. У цырымоніі ўдзельнічалі і відавочцы трагедыі. Праз некалькі дзён рашэннем мясцовых уладаў памятны крыж быў дэмантаваны... А літаратара за ўстаноўку крыжа ахвярам (!) арыштавалі…
Як паведаміў БелаПАН суддзя суду Старадарожскага раёна Сяргей Епіхаў, В.Хурсік падвергнуты адміністрацыйнаму арышту “за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу”. Пры гэтым суддзя адмовіўся паведаміць тэрмін утрымання журналіста пад арыштам.
У інтэрв’ю БелаПАН доктар гістарычных навук Яўген Анішчанка паведаміў, што ўвечары 14 траўня ў адказ на неаднаразовыя выклікі ўладаў Старадарожскага раёна В.Хурсік выехаў з Мінска, каб абараніць годнасць ахвяраў трагедыі ў вёсцы Дражна і людзей, якія спрабуюць увекавечыць памяць загінулых. “15 траўня ў 10.30 ён паведаміў па тэлефоне, што затрыманы на 15 сутак. А праз паўгадзіны сувязь з ім перапынілася”, — сказаў Я.Анішчанка.