За дом Гарэцкага заступілася Міністэрства культуры

Міністэрства культуры Беларусі накіравала ліст у Магілёўскі аблвыканкам і Горацкі райвыканкам з прапановаю захаваць у Горках дом, у якім жыў пісьменьнік Максім Гарэцкі.
Мінкульт прапануе стварыць у доме на вуліцы Агранамічнай, 3 мэмарыяльную кватэру Гарэцкага. Такія рэкамэндацыі пазначаныя ў адказе студэнтцы Кацярыне Карпіцкай зь Менску. Дзяўчына са сваімі сябрамі сабрала больш за паўсотні подпісаў сталічных студэнтаў за захаваньне дома Гарэцкага й накіравала іх у Міністэрства культуры.
Кацярына Карпіцкая сама з Горак. Даведалася пра збор подпісаў
у абарону дома з сайту horki.info. Сьпісалася зь яго адміністратарамі, якія
ёй і выслалі падпісны ліст.
Кацярына Карпіцкая: «Я каля гэтага дома хадзіла зь дзяцінства.
Для Горак Гарэцкі — гэта амаль брэнд. Да мяне прыяжджалі сябры,
і першае, што я ім расказвала, — гэта пра Гарэцкага
й якое значэньне ён меў для Горак. І цяпер гэтага дома можа
ня быць. У нас жа ня так шмат гістарычных помнікаў, такіх
адметных. Наагул гэта важна ня толькі для Горак, але й для Беларусі.
Гэта адзіны дом у краіне, які захаваўся й які мае дачыненьне
да жыцьця Гарэцкага. Калі мы так будзем ставіцца да ўсяго, то я й ня ведаю,
з чым мы застанемся. Давайце тады ўсё бурыць».
Як вынікае з адказу студэнтам, каб захаваць дом, яму трэба надаць
статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Для гэтага неабходна сабраць пакет
дакумэнтацыі:
«Радуе тое, што Міністэрства культуры зьвярнулася да аблвыканкаму
й райвыканкаму, каб яны прыпынілі працы па зносе дома, пакуль
зьбіраюцца дакумэнты. Я ўжо, па шчырасьці, і не чакала
адказу зь міністэрства. Неяк доўга ўсё было глуха. Калі зьбірала подпісы,
то студэнты дужа жыва адгукаліся. Я ведаю, што яшчэ адзін хлопец
з журфаку сабраў 60 подпісаў. Я шмат каму расказвала, то, можа,
хто таксама зьбіраў подпісы, невядомы мне», — кажа Кацярына Карпіцкая.
За захаваньне дома Гарэцкага зьбіраюць подпісы ў саміх Горках
і ў Віцебску.
Дом, у якім жыў Максім Гарэцкі па вяртаньні зь Літвы
на радзіму, зьбіраюцца зьнесьці, бо ён, як заяўляюць чыноўнікі,
знаходзіцца ў аварыйным стане. У райвыканкаме не хаваюць, што
зносіць будынак будуць у межах падрыхтоўкі райцэнтру да Дажынак.
Асноўнае месца іх правядзеньня — непадалёк ад гэтага дома.
На тэрыторыі акадэміі стаяць бюсты вядомых супрацоўнікаў, але бюста
беларускага пісьменьніка няма — толькі сьціплая шыльда на будынку,
які неўзабаве можа зьнікнуць: «У гэтым доме з 1926 да 1928 году
жыў пісьменьнік Максім Іванавіч Гарэцкі». У доме Гарэцкага цяпер жывуць
восем сем’яў. Людзі кажуць, што будынак пачаў разбурацца, калі яго абклалі
цэглай.
Фота: horki.info