За распаўсюд кніг Алесю Яўдаху далі год "хіміі".

Прысуд Аляксею Яўдаху вынесла судзьдзя Кастрычніцкага суду Менску Рыта Шаграй. Яго зьвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці ў буйным памеры.

Алесь Яўдаха

Яўдаху пакаралі абмежаваньнем волі на адзін год без накіраваньня ва ўстановы папраўчага тыпу. На ягоную маёмасьць накладзены арышт. Ён мусіць сплаціць дзяржаве 57 мільёнаў рублёў. Пакуль прысуд не пачне дзейнічаць, распаўсюднік кнігаў знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

«Прысуд мог бы быць меншы», — канстатаваў Яўдаха, — «Я ня ўпэўнены на 100%, што буду абскарджваць рашэньне суду, але, верагодна, што буду».

Ён адзначыў, што нягледзячы на прысуд, ня будзе пакідаць сваёй дзейнасьці ў справе распаўсюду кнігаў і папулярызацыі творчасьці беларускіх літаратараў.

«У справе прысутнічае палітычны складнік. Судзяць чалавека, які займаецца распаўсюдам беларускіх кнігаў. Прычым кнігаў, якія не заўсёды можна набыць у кнігарнях. А ў многіх беларускіх гарадах кнігарняў ужо не існуе, калі казаць пра раённыя цэнтры. Алесь Яўдаха прыходзіў на дапамогу людзям. За тое, што рабіў Яўдаха, Міністэрства культуры павіннае яго ўзнагародзіць», — заявіў Свабодзе пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які прысутнічаў у судзе.

Напярэдадні бок абвінавачваньня запатрабаваў год «хатняй хіміі».

«Гэта яўны перабор. У судовым паседжаньні мая віна была даказаная ня ў тым памеры, як мне інкрымінуюць. Калі лічыць, што доказам віны можа быць толькі эпізод, які пацьверджаны сукупнасьцю доказаў — паказаньнямі сьведак і дадзенымі зь Белпошты, прыкладам — то такіх доказаў значна-значна менш. Таму лічу, што гэта ўсё прыцягнута за вушы. А як там вырашыць суд? Я спадзяюся на апраўдальны вырак ці сама меней на перакваліфікацыю з крымінальнай адказнасьці на адміністрацыйную», — заявіў Яўдаха «Свабодзе».

Алесь Яўдаха, які распаўсюджваў праз пошту кнігі Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Уладзімера Арлова, Міколы Ермаловіча.
svaboda.org