Забыты аўтапартрэт Караткевіча. Новае падарожжа Зьмітра Бартосіка

«Зараз вясна. Над усёй нашай краінай, наставіўшы белыя ветразі крылаў, пляніруюць буслы. Іх многія і многія тысячы — хто лічыў? На вільчыках сялянскіх хат, на дрэвах, на калёнах старых разбураных палацаў, на слупах капліц сярод маладога зялёнага жыта. Гнёзды паўсюль. І таму мне здаецца, што ў гэтыя — і ня толькі ў гэтыя — дні зямлю нашу, Беларусь, можна назваць «зямлёю пад белымі крыламі».

Так пачынаецца адна з самых вядомых беларускіх кніг. Нават калі чалавек не чытаў гэты нарыс Уладзімера Караткевіча, дык ягоную назву ён чуў абавязкова. Бо ледзь ня ў кожным раёне праводзіцца песенны фэстываль юных талентаў «Пад белымі крыламі». Ёсьць маса турыстычных маршрутаў з такой назвай. І нават галоўная футбольная каманда краіны таксама сталася камандай «пад белымі крыламі». Але для многіх маладых беларусаў 80-х гадоў гэта была кніга-адкрыцьцё. Адкрыцьцё сваёй краіны. Яе звычаяў, яе геаграфіі, яе помнікаў.

Архіўнае фота. Уладзімер Караткевіч, 1967 год

Архіўнае фота. Уладзімер Караткевіч, 1967 год

«Я аб’езьдзіў на Беларусі амаль усё. Няшмат засталося нават глухіх куткоў, дзе я не пабываў бы. Таму я насмельваюся сказаць, што ведаю сваю краіну і яе людзей».

Гэта сёньня можна зайсьці на любы краязнаўчы сайт, каб ня толькі пазнаёміцца зь сёньняшнімі помнікамі архітэктуры, але і пабачыць тыя помнікі, якіх ужо даўно няма. Сорак гадоў таму ўявіць, наколькі Беларусь гістарычна багатая краіна, было немагчыма. Таму «Зямля пад белымі крыламі» замяніла многім нецікавыя падручнікі «Гісторыі БССР».

Але як нараджалася гэтая кніга? Няўжо Караткевіч быў настолькі багаты чалавек, каб скалясіць за некалькі гадоў усю Беларусь? Але аўтамабіля ў яго не было. І канец 60-х гадоў — ня самы вясёлы ў пляне дабрабыту ягоны час.

Сям'я Караткевічаў на пікніку

Сям'я Караткевічаў на пікніку

Аднойчы ў гасьцях у мастацтвазнаўцы Ізабэлы Гатоўчыц я гартаў стары фотаальбом. Веснавы лес, пікнік, сям’я Караткевічаў...

— Гэтыя фатаздымкі паходзяць з часоў, калі Караткевіч працаваў над кніжкай «Зямля пад белымі крыламі». Валодзя перад тым, як ён прыступіў да працы над гэтай кніжкай, быў у стане такой дэпрэсіі, якая падштурхоўвала Валю шукаць нейкага ратунку. Яна разумела, што гэты ратунак можа быць знойдзены толькі тады, калі Валодзя сядзе за працу. Аднак, як гэта бывае ў творчых асоб, Валодзя мучыўся новай кніжкай і быў вельмі некамфортны, ён нэрваваўся, ён мог разагнаць кампанію, якія ўвогуле ён любіў і часта зьбіраў дома. І калі ты бачыў усё гэта, то разумеў, што ў ім пачынае жыць новая кніжка. І Валя, якая была вельмі разумнай спадарожніцай Валодзі, пачала шукаць нейкі спосаб для Валодзі пабыць у адзіноце. У мяне былі сяброўкі ў бюро падарожжаў «Спадарожнік», якому належаў пансіянат «Юнацтва» на Менскім моры. Там знайшлі пакой, і Валодзя мог на працягу месяца і нават больш там жыць. Па савецкіх нормах гэта было не дазволена. Аднак разумныя дзяўчаты пайшлі на дапамогу, і такі пакой быў наняты. Я памятаю, што ён быў на другім паверсе, ён быў вельмі маленькі. Там месьціўся стол і ложак.

Валянціна Караткевіч і Ізабэла Гатоўчыц

Валянціна Караткевіч і Ізабэла Гатоўчыц

Валянціна Караткевіч і Ізабэла Гатоўчыц напрыканцы 60-х гадоў працавалі ў Акадэміі навук. У Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру. Тады рыхтаваўся Збор помнікаў архітэктуры і мастацтва. Група навукоўцаў на старым РАФіку калясіла па ўсёй краіне, фіксуючы стан, у якім апынуліся па вайне ацалелыя храмы, сядзібы, палацы. Уладзімер Караткевіч ня мог не скарыстацца настолькі цікавым службовым становішчам сваёй жонкі.

Хлеб ад сялян

Мастацтвазнаўца Ізабэла Гатоўчыц

Мастацтвазнаўца Ізабэла Гатоўчыц

— Ён вельмі часта езьдзіў з намі ў экспэдыцыі і вельмі любіў гэтую справу. Гэта быў вельмі цікавы час. Паездкі па Беларусі. Мы дасьледавалі кожнае мястэчка, кожную вёску. Мы езьдзілі, каб зразумець, што ў нас засталося пасьля ўсіх разбурэньняў. Чым мы валодаем. Цудоўны быў час. Прыяжджаеш, абмераеш касьцёл ці царкву. Апішаш. А потым увечары хлопцы наловяць рыбы. Разьвядуць касьцёр. Сяляне падзеляцца хлебам. Жыцьцё было беднае. Мы па дарозе падбіралі кабет, якія ішлі з райцэнтраў. Як зараз памятаю. Ідзе басаногая, за сьпінай вузел з хлебам. Гэта яна езьдзіла, каб адстаяць ноч у чарзе і купіць у запас хлеба. Мы такіх кабет падвозілі, а яны дзяліліся з намі хлебам. Мы, вядома, радаваліся. Бо часу стаяць у чарзе не было, а так у нас заўсёды быў хлеб.

Бойка з партыйным начальнікам

— Начавалі ў хатах рэдка. Больш у гумне, на сене, на саломе. Жанчыны прынясуць малака, цыбулі. Простае, але насычанае жыцьцё. Бо ўвесь час мяняецца карціна перад вачыма. І ты ўвесь час прыяжджаеш да чагосьці прыгожага. Вядома, сумна было бачыць страшэнную запушчанасьць. Памятаю, у Ружанах стаім у самым цэнтры. Там Бекераў касьцёл. Ён зачынены як храм, аднак служыць мясцовым за прыбіральню. Такое відовішча — нажом па сэрцы. Аднак усё роўна гэта была маладосьць, па некалькі цікавых уражаньняў на дзень.

— Аднаго разу на Лепельскім возеры Караткевіч пасварыўся зь мясцовым партыйным начальнікам. Скончылася тая сварка бойкай з партыйным сакратаром. Сакратар ня ведаў Караткевіча, але рыхтаваўся. Усё ж пісьменьнік! Зь Менску! Таму вырашыў прыняць, як прымалі вялікіх функцыянэраў. Мясцовыя налавілі рыбы. На беразе расклалі вогнішча. Каньяк быў прынесены.

Архіўнае фота. Уладзімер Караткевіч, 1957 год

Архіўнае фота. Уладзімер Караткевіч, 1957 год

— Мы галодныя, як чэрці. Расьселіся. І гэты партыйны бос разгаварыўся з Караткевічам. І пачаў: «Владимир Семёнович, а почему так получается? Я всю жизнь учился тому, что бога нет. А вы здесь ездите какие-то церкви обмеряете». Караткевіч раптам узарваўся: «Гэта ж вы ўсё паўзрывалі ў Беларусі!» Тады сакратар усхапіўся і Караткевіча за грудкі. Пачалося высьвятленьне адносінаў. І вядро, у якім варылася юшка, абрынулася. Мы ледзь ня плакалі. Бо такі быў пах! Было чаканьне добрай вячэры. Адчуваньне сьвята на беразе возера. А тут юшка вылілася ў вогнішча і зашыпела. Валя з цяжкасьцю расьцягнула двух мужыкоў. І мы паныла пайшлі на начлег. У нейкае гумно.

Што за нявыхаванасьць сталічнага госьця? Яму і юшку на беразе возера, і каньяк. А ён у бойку лезе з гаспадаром. Гэта сёньня Ружанскі касьцёл, Сынкавіцкая царква ды іншыя храмы стаяць прыбраныя, аддадзеныя вернікам. Уявіць іх загаджанымі ўжо ня проста. А Караткевіч гэтыя карціны бачыў штодня. Таму і стрымліваць сябе часам ня мог.

— Караткевіч быў вельмі гарачы чалавек. Калі стваралася такая сытуацыя, якая была супраць ягоных поглядаў на сьвет альбо супраць Беларусі, ён быў больш чым гарачы. Талерантнасьць адсутнічала.

Караткевіч — прарок

— Я памятаю, як Валя аднойчы, выкліканая да Станіслава Марцэлева, які ўзначальваў інстытут, вярталася ад яго па калідоры Акадэміі і плакала. Бо выкінулі са Збору помнікаў Мерачоўшчыну. Сядзібу Касьцюшкі. Яна была ўся на той час расьцягнутая. Было толькі пара вянцоў на падмурку. Аднак яна напісала артыкул. І дырэктар патрабаваў выкінуць гэты тэкст. Бо пра Касьцюшку. І Валя заплакала. І я памятаю, як Караткевіч казаў: «Нічога. Прыйдзе некалі час, калі будзе і артыкул, і сядзіба». Ён суцяшаў так Валянціну.

Любімыя грыбы

Мы прыехалі са спадарыняй Ізабэлай у «Юнацтва» такой самай сонечнай пагодай, якая была тут у траўні 1971 году.

— Кожную нядзелю мы з Валяй прыяжджалі, каб прывезьці нейкія прадукты і правесьці нядзелю зь ім. І звычайна раніца гэтай нядзелі праходзіла ў зьбіраньні смарчкоў, што Валодзя вельмі любіў. Гэта быў пачатак траўня. Вельмі прыгожы час. Любімыя грыбы Валодзі ўжо зьявіліся, і было іх многа. Ніхто не зьбіраў, акрамя Валодзі. І Валодзя так сур’ёзна ставіўся да зьбіраньня гэтых грыбоў, што, напрыклад, калі ты ў лесе аказваўся побач зь ім, Валодзя рабіўся вельмі сур’ёзны і вельмі страшна крычаў: калі хоць адзін падыдзе бліжэй, чым на дзесяць мэтраў, — страляю без папярэджаньня. Нашмат пазьней я прачытала, што гэта вельмі нядобры грыб. Што яд са смарчкоў практычна не выводзіцца. Што іх есьці нельга. Але ён іх вельмі любіў.

— Такое адчуваньне, што тут недзе Караткевіч побач. Хоць тут папрыгажэла. Дарожкі зьявіліся. Мост на востраў. Сам будынак падрос. Яго надбудавалі?

Зразумела, што спадарыня Ізабэла, якая не была ў «Юнацтве» ад 1971 году, не пазнала мясцовасьць. У тыя часы высокага корпусу на беразе Менскага мора яшчэ не было. І сваю знакамітую кнігу Караткевіч ствараў у старым корпусе, што цяпер называецца «Лясны». Да якога мы і накіраваліся.

Пакой Караткевіча

Пакой Караткевіча

Я спадзяваўся, што спадарыня Ізабэла ўспомніць, дзе ж быў той нумар, у якім жыў Караткевіч. Але мая спадарожніца не пазнала інтэр’ер. Гэта ня дзіўна. Бо корпус не аднойчы рэканструяваўся.

У Ізабэлы Гатоўчыц ад тае вясны засталося некалькі фатаздымкаў.

Вось пакой Караткевіча. Пісьмовы стол каля вакна, масіўная попельніца, аркушы паперы.

— Ён пісаў ад рукі. У яго такі почырк бісэрны. Я зьдзіўляюся. Рукапіс напісаны амаль бяз правак. Вельмі чытэльны і ясны.

Аўтапартрэт

Фатастужка зафіксавала, чым пісьменьнік займаўся, акрамя пісаньня. Жадаючы павесяліць жонку і сяброўку, ён з бляшанак ад кансэрваў, пустых бутэлек ды кветак зрабіў выставу інсталяцый. Кожная інсталяцыя — гэта нечы партрэт. Для аўтапартрэта Караткевіч выбраў два прадметы. Маленькі вінцік і ржавыя краты.

Аўтапартрэт

Аўтапартрэт

— Гэта краты іржавыя, якія ён знайшоў на сьметніку. Прыцягнуў. Нехта са службы гатэльнай быў незадаволены, калі ён цягнуў гэта ў нумар. І зрабіў аўтапартрэт з дапамогай кратаў і вінціка, які ляжаў за кратамі. Малюсенькі. Тады ў яго былі такія настроі, што маглі выклікаць такі аўтапартрэт. Ён ніколі не гаварыў, над чым ён працуе. Раскажы, а потым непрыемнасьці будуць. Ён жа перажыў, калі яго называлі нацыяналістам. Я памятаю, як Валю выклікалі і прасілі, каб яны выступіла перад сходам Акадэміі з асуджэньнем нацыяналістычнага погляду Караткевіча. І Валя ж тады адмовілася. А ёй пагражала звальненьне з працы.

Каб знайсьці тых людзей, якія памяталі «Юнацтва» 70-х гадоў, я пайшоў у аддзел кадраў. Але старых работнікаў пансіянату ў новым санаторыі ўжо не засталося. І нават маё паведамленьне, што ў іхных сьценах правёў плённы месяц Уладзімер Караткевіч, ствараючы адну з самых вядомых сваіх кніг, ня выклікала ніякай цікавасьці. Зьдзіўленьне на маладых запудраных тварах выклікала толькі мая мова. Напэўна, цёткі ўпершыню пабачылі нярускага чалавека. Вось табе і 70-я! Зьмяніліся прычоскі, на тварах паболела таннай касмэтыкі. А ў астатнім усё тая ж савецкая падазронасьць і напруга. Маладзенькая супрацоўніца сказала, што гэтую кнігу яна ведае. Вось толькі ня памятае дакладна, хто яе напісаў. Янка Купала ці Якуб Колас. Можна было б паабурацца — як гэта ня ведаць вялікага пісьменьніка? Але Караткевічу такое наўрад ці спадабалася б. Як і мэмарыяльны нумар у тым санаторыі. Ён не разьменьваўся на дробязі.

— Ёсьць такія людзі, якім даецца шчасьце як мага раней зразумець, для чаго яны жывуць на сьвеце. І Караткевіч быў менавіта такім чалавекам. Ён пакідаў уражаньне чалавека, які жыве жыцьцём нялёгкім, але з пачуцьцём годнасьці. Ён ніколі ня жаліўся. Ніколі не наракаў на жыцьцё. Калі было цяжка, калі не друкавалі, Караткевіч ніколі ня поўзаў і ніколі нічога не прасіў. Ён ня быў заклапочаны ўзнагародамі і пасадамі. Ён жыў сваім жыцьцём. І нягледзячы на тое, што ў жыцьці было нялёгка, ён быў чалавекам шчасьлівым. Бо ведаў, для чаго ты жывеш. Гэта ж нямногім даецца, праўда?

Зміцер Бартосік, Радыё Свабода