«Забойны аддзел» — Польшча, Украіна, Беларусь
Злева направа: Андрэй Хадановіч, Богдан Задура, Уладзімір Арлоў, Аляксандр Ірванец
Нагодай для сустрэчы стаў выхад дзвюх новых паэтычных кніг: перакладной "Труны з Ікеі" Богдана Задуры, якая пабачыла свет у выдавецтве "Логвінаў" пад рэдакцыяй Уладзіміра Арлова, і арыгінальнай -- "Цягнік Чыкага-Токіа" Андрэя Хадановіча.
Вечарына складалася з паэтычных чытанняў на розных мовах, якія чаргаваліся з нязмушанай сяброўскай гутаркай -- прэзентацыя была падобная на сустрэчу даўніх прыяцеляў.
Андрэй Хадановіч і Богдан Задура
Так яно і аказалася: аўтары добра ведаюць адно аднаго, іх звязваюць і досвед супольнай супрацы, перакладу або рэдагавання тэкстаў, і сумесныя выступленні ў розных гарадах і краінах, і тая метафізічная агульнасць, што яднае ўсіх творчых людзей.
Не выпадкова падчас прэзентацыі не спатрэбіўся пераклад: кожны гаварыў на сваёй мове, і ўсе выдатна разумелі і польскую, і ўкраінскую, і беларускую.
Выступае Уладзімір Арлоў
Богдан Задура
Іншая справа -- мастацкія вершаваныя перастварэнні. Прагучалі тэксты з кнігі "Труны з Ікеі" Богдана Задуры як у арыгінале, у аўтарскім выкананні, так і па-беларуску, здзейсненыя Андрэем Хадановічам.
Аляксандр Ірванец
Аляксандр Ірванец атрымаў асаблівую ўвагу публікі, прачытаўшы паэму "Беларусь", у якой паэт выказаў цеплыню і любоў да нас і нашай краіны.
Богдан Задура, Уладзімір Арлоў, Аляксандр Ірванец
Прэзентацыя завяршылася аўтограф-сесіяй.
Тэкст і фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org
Гл. таксама: ПРАГРАМА СТРАЛЬЦОЎСКАГА ФЭСТУ