Загінуў майстровец Ігар Міклашэвіч

3 ліпеня, на наступны дзень свайго 50-годзьдзя, трагічным чынам загінуў былы майстровец, прафэсар, пісьменьнік Ігар Міклашэвіч.

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" выказвае свае спачуванні родным і блізкім літаратара. 

Ігар быў доктарам навук, прафэсарам, загадчыкам лябараторыі ў Тэхнічным унівэрсытэце, пісьменьнік (псэўд. Стах Дзедзіч). Са сваёй жонкай Рытай Гвозьдзік пазнаёміліся трыццаць гадоў таму ў Беларускай Майстроўні. У Ігара застаўся сын Стах, які стаў мэнэджэрам, і дачка Яважына — дызайнарка моды.

Паплечнік Вінцук Вячорка ўзгадвае Ігара Міклашэвіча:

«Гэта неверагодна, і так скажуць усе, хто ведаў Ігара. Што за праклён на нас накладзены, чаму зноў мы мусім казаць пра паплечнікаў у прошлым часе?!
 
Энэргічны, фізык з адукацыі, Ігар унёс калісьці сваю энэргію ў беларускі майстроўскі рух: інтэлектуальную і фізычную. Пасьлядоўны нацыянальны рамантык — пісьменьнік Стах Дзедзіч — і ў той жа час грунтоўны беларус, укарэнены ў рэальнасьць і таму здольны зьмяняць яе вакол сябе: беларускамоўны прафэсар Тэхнічнага ўнівэрсытэту... А сям’я! Беларуская і беларускамоўная сям’я, дзе шчасьліва адбыліся і бацькі, і дзеці... Дай Божа вытрываць гэты нечуваны ўдар і найглыбейшыя спачуваньні жонцы Рыце, дзецям Стаху і Яважыне...»
 

Разьвітаньне  адбудзецца 5 ліпеня ў Менску а 13 гадзіне па адрасе Ракасоўскага 55, дзе Ігар Міклашэвіч жыў. Пахаваньне на могілках у Менскім раёне, каля Сёмкавага Гарадка.