Загінуў паэт і журналіст Юры Гумянюк

Гродзенскі паэт і журналіст Юры Гумянюк увечары 19 студзеня выпаў з 9-га паверха ў інтэрнаце непадалёк ад дому ў прыватным сектары, дзе жыў з маці-пенсіянеркай. Пакуль невядома, ці гэта было самагубства, забойства альбо няшчасны выпадак.

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" выказвае шчырыя спачуванні сябрам і блізкім Юрыя Гумянюка, сябра нашай арганізацыі. 

Юры Гумянюк працаваў на беларускую службу польскага радыё пад псеўданімам Вацлаў Галімскі. Раней ён працаваў загадчыкам літаратурнай часткі Гарадзенскага тэатру лялек, карэспандэнтам газеты «Пагоня», быў сталым аўтарам беластоцкага штомесячніка «Czasopis». Летам 2011 году падчас акцый маўклівага пратэсту ў Горадні быў арыштаваны на 12 сутак.

Нарадзіўся Юры Гумянюк у 1969 годзе. Скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, аддзяленьне паляністыкі. Быў сябрам Таварыства вольных літаратараў, Саюзу беларускіх пісменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру.  Аўтар кніг паэзіі: «Водар цела» (1992), «Твар Тутанхамона» (1994), «Рытуал» (1999), «Вуліца тыгровых архідэяў. Вершы 1987—2003» (2003) і раману «Апосталы нірваны» (1995).

svaboda.org