Заходнік. Генрыху Далідовічу — 70!

Фота Вікторыі Ляйкоўскай, lit-bel.org

70 – 80-я гады мінулага стагоддзя нягледзячы на акалічнасці сацыяльна-палітычнага характару, былі часам плённай творчай працы Уладзіміра Караткевіча, Яўгеніі Янішчыц, Міхася Стральцова... Генрых Далідовіч заняў годнае месца ў шэрагу лепшых тагачасных аўтараў – а нават і ў акадэмічнай "Гісторыі беларускай літаратуры" дзякуючы трылогіі з раманаў "Гаспадар-камень", "Пабуджаныя" і "Свой дом", а таксама раману "Заходнікі", адзначаным Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусі (1996).

Калі беларусы праз пэўны час раптам зацікавяцца гісторыяй утварэння беларускай дзяржаўнасці, багатымі на палітычныя падзеі 1917 – 1918-мі гадамі, то раманы Генрыха Далідовіча будзе выдатнай асновай для сцэнарыяй адпаведнага гістарычнага фільма.

Між персанажаў трылогіі – супрацоўнікі рэдакцыі "Нашай нівы" на чале з Янкам Купалам, Зміцер Жылуновіч, Іван Серада, а таксама дзяржаўныя дзеячы, "пра якіх мы амаль нічога не ведаем, хто ў 1918 годзе гуртаваўся вакол Белнацкома і Белкамсекцый, дапамаглі дабіцца законнага права беларускага народа на сваю дзяржаўнасць". Ленін падтрымлівае ідэю стварэння аўтаномнай Савецкай Беларусі, Сталін падазрае Жылуновіча ў "хітрым сепаратызме", Аляксандр Мяснікоў ледзь хавае нянавіць да беларускага нацыянальнага руху... Раман "Свой дом" мае шчаслівы фінал – утварэне БССР, якое 1 студзеня 1919 года святкуюць Янка Купала, Зміцер Жылуновіч і Язэп Дыла. Затое эпілог трылогіі сумны. Лёсы многіх герояў склаліся трагічна, пра што сведчаць як кароткія біяграфічныя даведкі, так і пункцірна азначаны працяг жыцця прыдуманых персанажаў.

Трылогія ўражвае як капітальная праца, якая ўзнаўляе значныя, але малавядомыя факты палітычнай гісторыі нашай краіны. Як адзначаў Генрых Далідовіч "У 1980-1995 гадах і я – у прозе – далучыўся да даследчыкаў часу ўтварэння БНР і БССР, выклаў сваю версію ў раманах "Гаспадар-камень", "Пабуджаныя" і "Свой дом" - на аснове асэнсавання амаль усяго надрукаванага і ў нас, і ў Заходняй Беларусі, і за мяжой". У эсэ "БНР і БССР Роздум аб пакутным шляху беларускай дзяржаўнасці ў ХХ стагоддзі", выдадзеным у 2002 годзе, Генрых Вацлававіч сведчыць, што нават малаверагодныя ўчынкі гістарычных вобразаў-персанажаў з яго раманаў маюць дакументальнае пацверджанне. Побач з фрагментамі праграмных дакументаў, апісаннямі нарад і пасяджэнняў у трылогіі шмат роздумаў пра нашу гісторыю, пра адметнасць беларускага светапогляду, укладзеных ў вусны розных герояў:

"...у Выканкоме Мінскага Савета няма ніводнага чалавека ад нашых партый, а то і ўвогуле беларуса. Дык вось і скажы ты мне, дарагі, як вы думаеце справядліва дбаць аб нас? Без нас саміх?" – скардзіцца Міхаілу Фрунзе адзін з удзельнікаў беларускага руху.

"Мы зможам пражыць без рускай культуры, але мы не здолеем пражыць без расійскай эканомікі!" – голас з натоўпу.

"Калі рэжым пачынае больш траціць на паліцыю, чым на настаўнікаў ды культуру, дык будучыні ў такога рэжыма няма".

"У святой кнізе напісана: разумны бачыць бяду і хаваецца, ціха жыве, а той, што без вялікага розуму, ідзе наперад, трапляе ў бяду ці палучае па карку. Гонар для чалавека, там пішацца, у час адысці ад бяды, бо ўсякі дурань толькі запалісты". – разважае селянін Нямкевіч-старэйшы.

"...наш мужык абыякавы да гэтых поклічаў, ён ні дабіваецца ні "сонца", ні "волі". Ён любіць лад, цвёрдую руку. Стогне і ў сваіх стонах чуе асалоду. Волю любяць дзёрзкія, гордыя... " – павучальна гаворыць настаўніку Алесю Юры (верагодна, Вацлаў Ластоўскі).

Але пачынаецца трылогія не з вялікай палітыкі, а гаспадарчымі клопатамі сялян, суперніцтвам хлопцаў за вясковую красуню Зосю. Асаблівая каштоўнасць гэтай часткі твора – характэрная сялянская мова, пра якую праз 30 – 40 гадоў будзе нагадваць адно наша літаратура. Вядома, беларуская мова будзе гучаць і далей, але маўленне адукаваных людзей робіцца больш лагічным і, адпаведна, менш вобразным, што абумоўлівае змены на ўзроўнях лексікі і сінтаксісу.   

"Сялянская" і "палітычная" лініі ў трэцяй кнізе разыходзяцца зусім далёка, хаця напачатку іх яднае вобраз Алеся Нямкевіча – маладога настаўніка-адраджэнца, які сутыкаецца з пераследам улад і непаразуменнем вяскоўцаў. Алесь Нямкевіч нагадвае Андрэя Лабановіча з аповесці "У палескай глушы", гісторыя кахання між яго братам Янкам і Зосяй – амаль сюжэт "Палескай хронікі". У параўнанні са знакамітай аповесцю Івана Мележа, тут менш напружанасці і драматызму, сяляне паказаны больш спакойнымі і памяркоўнымі. Старонкі раманаў Генрыха Далдовіча азначаны не толькі ўзнаўленнем вясковай рамантыкі, але і новымі рэплікамі ў асэнсаванні традыцыйных праблем і тэм.

Найбольш каларытнымі ў трылогіі падаюцца вобразы беларускіх сялян – людзей блізкіх і зразумелых пісьменніку, які вырас на хутары на Стаўбцоўшчыне. Тым часам, ідэйныя камуністы ці жорсткія партыйныя кіраўнікі, арганічна чужасныя сялянскаму свету, паўстаюць персанажамі альбо другасна-намінальнымі (як у трылогіі), альбо гратэскнымі (як у рамане "Заходнікі"). Так, у "Заходніках" дэталёва выпісана біяграфія старшыні сельсавета Апанаса Кругаглядава, акрэслены яго лад мыслення і жыццёвыя прынцыпы.

Затое адметнасцю прозы Генрыха Далідовіча можна лічыць частотныя затрымкі на інтрыгоўных момантах з асабістага жыцця герояў. Такія эпізоды выконваюць розныя мастацкія функцыі. Схільнасць да любоўных прыгодаў, адпаведна літаратурнай традыцыі, выкрывае несумленнасць героя-мужчыны – прыкладам, янкавінскага старшыні Кругаглядава. Апісанні шчаслівых сустрэч мужа і жонкі, наадварот, паўстаюць тым гімнам шчыраму каханню, які мог прагучаць у беларускай літаратуры на некалькі дзесяцігоддзяў раней – калі, вядома, не браць у разлік рэальную сацыякультурную сітуацыю.

Чытаць Генрыха Далідовіча зусім не сумна – ёсць над чым паразважаць, ёсць чаму здзівіцца. Яго раманы вяртаюць не толькі ў розныя гістарычныя эпохі, але і ў свет літаратурнай класікі. Погляд на мінулае праз прызму ўжо напісанага, пераасэнсаванне вобразаў і сітуацый з хрэстаматыйных твораў – адна з постмадэрніскіх тэндэнцый у літаратуры, і цікава, што такі падыход апынуўся арганічным для Генрыха Далідовіча яшчэ ў 1980-я гады. Пісьменнік спрабаваў сябе ў розных тэмах і жанрах – і галоўным віншаваннем да юбілея можа быць хіба пажаданне паспяховага здзяйснення мараў пра новую кнігу!

Алеся Лапіцкая, для lit-bel.org

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра віншуе Генрыха Вацлававіча Далідовіча з 70-годдзем, зычыць у гэтыя летнія дні добрага творчага настрою, здароўя, натхнення на новыя празаічныя творы!