Закон аб выдавецкай справе: распаўсюд кніг будзе кантралявацца

— Дзяржаўнае рэгуляванне цяпер будзе ахопліваць увесь цыкл стварэння, вырабу і распаўсюджвання выдавецкай прадукцыі. Раней апошняе звяно выпадала са сферы дзяржаўнага ўплыву, — заўважае дэпутат Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Алена Новік.


Ключавое новаўвядзенне заканадаўцаў заключаецца ў тым, што замест дзейнага механізму ліцэнзавання з'явіцца дзяржаўная рэгістрацыя выдаўцоў, вытворцаў, распаўсюджвальнікаў друкаванай прадукцыі з увядзеннем адзінага рэестра.

— Абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі падлягаюць выдаўцы афіцыйных, навуковых, навукова-папулярных, вытворча-практычных, вучэбных, масава-палітычных, даведачных, літаратурна-мастацкіх і духоўна-асветніцкіх відаў выданняў, выданняў для вольнага часу, а таксама вытворцы і распаўсюджвальнікі выдавецкай прадукцыі, — інфармуе дэпутат.

Ад рэгістрацыі вызваляюцца выдаўцы, якія выпускаюць бланачную, этыкетачную, упаковачную прадукцыю, таварныя ярлыкі ды візіткі. Не павінны праходзіць працэдуру таксама аўтары твораў і распаўсюджвальнікі — у тым выпадку, калі яны ажыццяўляюць аптовы гандаль выдавецкай прадукцыяй, а таксама яе бясплатнае распаўсюджванне з навуковай, культурнай, духоўна-асветніцкай, дабрачыннай і рэкламнай мэтамі.

Дакумент дакладна рэгламентуе рэгістрацыйныя патрабаванні.

— Выдаўцу, напрыклад, неабходна мець у штаце спецыяліста, адказнага за ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці, які мае вышэйшую адукацыю і здаў кваліфікацыйны экзамен ў сферы выдавецкай справы, — кажа А.Новік. — Калі выдавецкай справай займаецца індывідуальны прадпрымальнік, то ён сам павінен мець вышэйшую адукацыю і здаць кваліфікацыйны экзамен, або мець у штаце спецыяліста, адказнага за выдавецкую дзейнасць.

Вытворцу ж выдавецкай прадукцыі абавязкова мець у штаце спецыяліста, адказнага за паліграфічную дзейнасць, які мае вышэйшую адукацыю ў галіне паліграфіі і для якога работа ў гэтага наймальніка з'яўляецца асноўным месцам работы. Індывідуальнаму прадпрымальніку, адпаведна, самому трэба мець вышэйшую адукацыю ў галіне паліграфіі, або ў штаце павінен быць спецыяліст, адказны за паліграфічную дзейнасць.

У праекце закона аб выдавецкай справе прапісаны падставы, калі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь мае права адмовіць у прыняцці заявы і дзяржаўнай рэгістрацыі.

— Заява не прымаецца, калі пададзена з парушэннем патрабаванняў да яе формы, калі адсутнічае дакумент аб назначэнні спецыяліста, адказнага за выдавецкую дзейнасць (для выдаўца) і адказнага за паліграфічную дзейнасць (для вытворцы выдавецкай прадукцыі), а таксама адсутнічае дакумент, які пацвярджае наяўнасць у індывідуальнага прадпрымальніка вышэйшай адукацыі, — тлумачыць Алена Новік.

Адмовіць у дзяржаўнай рэгістрацыі ведамства мае права за недакладнасць звестак, указаных у заяве, а таксама тады, калі гэтыя звесткі не адпавядаюць заканадаўству. Выдаўцу — у выпадку няздачы кваліфікацыйнага экзамену спецыялістам, адказным за выдавецкую дзейнасць, або індывідуальным прадпрымальнікам.

Міністэрства інфармацыі мае права ануляваць пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі, калі выдавец, вытворца або распаўсюджвальнік выдавецкай прадукцыі не прайшлі перарэгістрацыю, дапусцілі грубыя парушэнні заканадаўства ў сферы выдавецкай справы.

Што лічыць грубым парушэннем, рабочая група цяпер якраз актыўна абмяркоўвае. Сярод іх значацца, да прыкладу, парушэнне заканадаўства аб аўтарскім праве і сумежных правах, выпуск прадукцыі, якая супярэчыць нацыянальным інтарэсам краіны, прапагандуе вайну, міжнацыянальную варожасць і гэтак далей.

Самая жвавая дыскусія — вакол электронных носьбітаў інфармацыі. У многіх краінах свету рынак электронных кніг ці не больш бойкі, чым папяровых. Бестселеры не спампуеш бясплатна — кніга каштуе грошай, незалежна ад таго, у пераплёце яна ці ў выглядзе электроннага файла. Пра пераход на планшэты і школьныя падручнікі ў электронным выглядзе задумваюцца і ў Беларусі. Аднак пакуль гэта ўсё на стадыі апрабацыі, ёсць цяжкасці і з увасабленнем у заканадаўстве.

— Тэрміна "электроннае выданне" ў беларускім заканадаўстве дагэтуль не было, і выпрацаваць яго пакуль досыць складана: яно шмат чаго "чапляе" за сабой, — мяркуе дэпутат Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. — Таму, відаць, зараз мы яго ў тэкст законапраекта не ўключым. З цягам часу, калі пытанне наспее, да яго можна будзе вярнуцца і ўнесці папраўкі.

Праект закона, паводле ўражанняў народнай выбранніцы, станоўча ўспрыняты суб'ектамі выдавецкай справы. "Дагэтуль ім даводзілася працаваць выключна па нарматыўных прававых актах рознага ўзроўню, і комплекснага рэгулявання адносін у гэтай сферы не было. Цяпер асновы ажыццяўлення выдавецкай справы будуць дакладна прапісаны ў адным дакуменце. Мы спадзяемся, што распрацаваныя заканадаўчыя нормы паспрыяюць таму, каб выдавецкая прадукцыя была якаснай і канкурэнтаздольнай. А гэта дасць магчымасць для выдаўцоў павышаць даходы, ствараць новыя працоўныя месцы. У той час як адсутнасць прававога рэгулявання выдавецкай справы прывяла да дыспрапарцыянальнага развіцця рынку друкаванай прадукцыі без уліку рэальных патрабаванняў дзяржавы, грамадства і запаўнення айчыннага выдавецка-паліграфічнага і кнігагандлёвага рынку няякаснай прадукцыяй, якая часта пагражае інфармацыйнай бяспецы краіны".

Галасаванне па праекце закона аб выдавецкай справе пройдзе, як чакаецца, на вясновай сесіі. "Можа, і ў двух чытаннях за дзясятую сесію паспеем", — выказвае меркаванне дэпутат Алена Новік.

 

Паводле Алы Мачалавай, Звязда

Артыкул цалкам: zvyazda.minsk.by