Залаты фонд краіны

Аўтар прадставіў сваю працу – “К каждаму разгавору прыказка Ё…” (у дзвюх кнігах). Працуе Генадзь вядучым навуковым супрацоўнікам Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Шклярава. Даследуе беларускую традыцыйную культуру. Друкаваў свае працы па этнаграфіі і фальклёру, дыялектычнай фразеалогіі ў “Родным слове”, “Верасні”, “Антропологический форум” (Санкт-Петербург), “Живая сторона» (Москва), «Раlaeoslavica» (Cambridge). Выдаў энцыклапедычны даведнік “Беларуская міфалогія”, “Ікона звалась свячой…”, “Варвара Грэцкая як з’ява беларускай народнай культуры” (2015).

Выдаў кнігі паэзіі «Без чисел и дат» (1997, 2003), «Лепить из снега» (2002), «Луны преобладанье» (2003), «Увидеть дерево» (2008), «Около облака» (2012).

Унікальны выпадак – на працягу дваццаці гадоў Генадзь Лапацін ездзіць у вёску Амяльное да адной і той жа ўнікальнай жанчыны, якая нагаварыла яму “на сотні кіламетраў магнітнай стужкі”. Ён чэрпаў і чэрпаў з гэтай сцюдзёнай крыніцы мудрасці і міфалогіі, якую адкрывала перад ім Варвара Грэцкая.

Тое што зрабіў Генадзь Лапацін, пад сілу калектыву этнаграфічнага інстытута ці акадэміі. І як сказаў у сваім выступленні старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Анатоль Бароўскі, была б у яго такая магчымасць, то ён бы надаў аўтару званне доктара, абмінуўшы кандыдацкую ступень.

Шкада, што праца надрукавана ўсяго ў ста асобніках і ў сціплай вокладцы. Акадэмія навук Беларусі і выдавецтвы павінны былі б выдаць гэтыя працы тысячнымі накладамі. Бо гэта ўнікальная праца, гэта залацінкі нашай гісторыі, гэта наш залаты фонд, падмурак нашай дзяржаўнасці, гэта мінулае і будучае. Якое нельга губляць, адмаўляцца ад яго.

На прэзентацыі прысутнічалі і выступілі калегі Генадзя Лапаціна – Ларыса Раманава і Андрэй Скідан, кандыдат гістарычных навук Генадзь Аляксейчанка, Уладзімір Кацора, Юльяна Пятрэнка, Марыя Булавінская, Анатоль Бароўскі і іншыя.

Ул. інф. Гомельскага абласнога аддзялення СБП