"Заслужаны дзеясловец" Леанід Дранько-Майсюк прэзентаваў новую кнігу

12 чэрвеня прэзентаваў сваю “Кнігу для спадарыні Эл”, што выйшла ў серыі “Кнігарня пісьменніка” Леанід Дранько-Майсюк. Павіншаваць яго з гэтай падзеяй прыйшлі калегі, сябры і чытачы пісьменніка.

Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч і яго намеснікі Алесь Пашкевіч і Эдуард Акулін, амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан, старшыня Рады ЗБС “Бацькаўшчына”, каардынатарка кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская, філосаф Валянцін Акудовіч, паэты Уладзімір Някляеў, Анатоль Вярцінскі, Фелікс Баторын, Алесь Гібок-Гібкоўскі, Міхась Скобла, выдаўцы Генадзь Вінярскі і Уладзімір Сіўчыкаў сказалі нямала добрых слоў на адрас аўтара падчас вечарыны. Мадэраваў імпрэзу сам Леанід Дранько-Майсюк.

Пасля вітальнага слова Лідзіі Макарэвіч, дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, дзе прайшла прэзентацыя, аўтар крыху расказаў пра тое, як выдавалася кніга:

“Як пра адметнасць кнігі я мушу сказаць вось што: кніга выйшла з фантастычнай хуткасцю. Я доўгі час працаваў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Памятаю, як у годзе восемдзесят чацьвёртым намеснік галоўнага рэдактара Варлен Бечык радаваўся і вельмі здзіўляўся, што кніга Леаніда Галубовіча ў серыі “Першая кніга паэта” выйшла за дзевяць месяцаў, бо звычайна тады кнігі выходзілі ― год і месяц, год і два месяца. А каб кніга выходзіла за дзевяць месяцаў ― такога проста не было. Гэта кніжка выйшла за месяц. Проста фантастычна”.

Леанід Дранько-Майсюк і Барыс Пятровіч


Затым слова ўзяў старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч. Ня гледзячы на тое, што ён і Алесь Пашкевіч пазначаны рэдактарамі “Кнігі для спадарыні Эл”, Барыс Пятровіч адзначыў:

“Я не рэдактар гэтай кнігі, а яе першачытач і толькі. Таму што, адпрацаваўшы столькі гадоў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, і не проста адпрацаваўшы, а якраз рэдактарам, Леанід Васільевіч не патрабуе гэтага самага рэдактарства, таму што свае творы чытае як чужыя, а чужыя як свае. Для мяне гэта было хутчэй проста прыемным чытаннем. Можа, нават і не першачытаннем, бо гэтыя творы ў сваёй большасці друкаваліся ў часопісе «Дзеяслоў» ад першых нумароў…

Леанід Васільевіч прадумаў кнігу ідэальна. І вы, узяўшы яе ў рукі, паглядзіце, як гэта ўсё зроблена з пункту гледжання рэдактара Леаніда Дранько-Майсюка”.

Як галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч таксама адзначыў вялікую ролю аўтара “Кнігі для спадарыні Эл” у рэкламе часопіса, назваўшы яго найбольшым прапагандыстам “Дзеяслова”, вартым звання “заслужанага дзеяслоўца”.

Слова бярэ Алесь Пашкевіч


У сваю чаргу Алесь Пашкевіч, узяўшы слова, сказаў, што ганарыцца тым, што таксама пазначаны рэдактарам кнігі, і бачыць ў гэтым “закавыку лёсу”, бо некалі Дранько-Майсюк мусіў рэдагаваць яго першую паэтычную кнігу “Нябесная сірвента”, але абставіны змяніліся, і зборнік выйшаў з іншым рэдактарам. Алесь Пашкевіч назваў Леаніда Дранько-Майсюка творцам рытмаў і пажадаў яму, апроч іншага, не збівацца з рытму і ў выданні кніг.

Амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан


Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін


Паэт і бард Эдуард Акулін  зазначыў, што ў "Кнізе для спадарыні Эл" адкрыў для сябе тры блізкія яго “эстэтычнаму веравызнанню” думкі:

“Тое, што шлях сапраўднага мужчыны пачынаецца ад Дон Жуана і заканчваецца Дон Кіхотам, а не наадварот. Тое, што паэзія – гэта рэлігія для тых, хто не ездзіць на мэрсэдэсах. І тое, што не думаючы пра жанчыну, мы ўсё адно думаем пра яе. Гэта, як, не думаючы пра бога, жыць з богам ў душы”.

Таксама Эдуард Акулін сказаў: “Для мяне асабіста важным крытэрыем пасля прачытання любой кнігі з’яўляецца тое, ці запамінаецца яна. “Кніга для спадарыні Эл” Леаніда Дранько-Майсюка запамінальная, яркая, таленавітая. Я думаю, што пасля яе выхаду многія радкі з яе будуць узяты на цытаты”.

Прэсавая служба СБП