Застанецца голас: прэзентаваная аўдыёкніга Генадзя Бураўкіна

Праект рэалізаваны дзякуючы студыі “Гукапіс”, кампаніі Prastora.by, Саюзу беларускіх пісьменнікаў і Арт-сядзібе. 

Вечарына-прэзентацыя стала добрай нагодай для сяброў, калег, паплечнікаў, сваякоў паэта яшчэ раз успомніць, якім быў Генадзь Мікалаевіч. Выступоўцы распавядалі пра сваё знаёмства з творцам, прыгадвалі адметныя моманты, смешныя, сумныя, нечаканыя. Але галоўнае — падчас імпрэзы гучалі вершы паэта ў яго ўласным прачытанні, гучаў ягоны голас.

Асаблівую атмасферу стваралі таксама слайд-шоў з фотаздымкамі Генадзя Бураўкіна, зробленымі ў розныя гады, песні на вершы творцы ў выкананні Таццяны Матафонавай і яе сына Адася, а таксама вершы, якія раз-пораз дэкламавалі выступоўцы.

Барыс Пятровіч

Барыс Пятровіч, Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, у сваім уступным слове зазначыў:

Мінулы год не быў высакосным, але ён стаў для Беларусі і для ўсіх нас чорным. Літаральна за некалькі вясновых месяцаў мы страцілі слаўных сыноў Беларусі Рыгора Барадуліна, Анатоля Кудраўца, Уладзіміра Дамашэвіча, Давіда Сімановіча, Генадзя Бураўкіна… Але сёння мы пра іх памятаем. Праводзім сустрэчы, вечарыны, ходзім да іх магіл. Літаральна некалькі дзён таму мы былі на магіле Генадзя Мікалаевіча. Варта памятаць, што пісьменнікі жывуць у сваіх творах, іх чытаюць і паважаюць сёння. Словы Барадуліна і Бураўкіна будуць гучаць, іх песні будуць спяваць, а памяць пра іх у Беларусі будзе жыць.

Амаль у кожнага з прысутных на вечарыне, а сярод іх было мноства сяброў і калег Генадзя Мікалаевіча — свае ўспаміны пра паэта. Спадар Барыс прыгадаў:

— Мне згадваецца, як мы разам ездзілі па Беларусі з прэзентацыямі часопіса “Дзеяслоў”. Гэта былі сустрэчы ў школах, універсітэтах. Як яго чакалі, збіраліся поўныя залы гледачоў, якія хацелі пачуць голас Генадзя Мікалаевіча, калі даведваліся, што да іх прыедзе аўтар бессмяротнай “Калыханкі”. Як таленавіта ён чытаў свае вершы! Як прыгожа яны гучалі тады і гучаць цяпер на дыску менавіта ў аўтарскім выкананні. Нам вельмі не хапае Генадзя Мікалаевіча, яго мудрых слоў, добрых парад. І калі мне цяжка, то ў думках я заўсёды звяртаюся да яго. Як бы ён зрабіў у такі момант, што мог бы сказаць, падказаць?

Пра Генадзя Мікалаевіча згадвалі не толькі як пра паэта. Але і як рэдактара, грамадскага і палітычнага дзеяча, рэфарматара і кіраўніка Беларускага тэлебачання, бацьку, надзвычай мудрага чалавека, з якім заўсёды можна было параіцца, атрымаць дапамогу.

Паэт, празаік Уладзімір Някляеў прыгадаў:

— Ён умеў кахаць, сябраваць. Я бачыў Бураўкіна розным: вясёлым на застоллях, яго гумар быў проста бліскучы, суровым, злым… Але ніколі не бачыў яго абыякавым. Маштабныя людзі не бываюць абыякавымі, і справы, якімі займаўся Генадзь Мікалаевіч, сапраўды здзіўлялі размахам.

Анатоль Вярцінскі

Над пытаннем, ці быў Генадзь Бураўкін шчаслівым, паразважаў у сваёй прамове паэт Анатоль Вярцінскі:

— Ужо некалькі месяцаў маю ўвагу прываблівае каляндар на 2015 год, прысвечаны Генадзю Бураўкіну. На фотаздымку акцэнтуецца перадусім усмешка паэта. Ёсць крыху і гумару, весялосці, смеху, магчыма, крыху і скепсісу, крытычнага погляду на свет. Але ці быў Бураўкін шчаслівы? Думаецца, быў, бо самымі станоўчымі якасцямі чалавека лічыў шчырасць, спагаду, вернасць. Не прымаў хцівасці, хлусні і здрады. Ён быў шчаслівы і ў дачыненні да светаўяўлення, яго веры ў Беларусь. Думаецца, ён шчаслівы і ў вечнасці.

Зінаіда Бандарэнка

На прэзентацыю аўдыёкнігі Генадзя Бураўкіна завітала таксама яго калега па Беларускім Тэлебачанні, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка. Яна прыгадала:

— За тыя гады, калі працаваў Генадзь Мікалаевіч, ён зрабіў з “саўковага” тэлебачання наша, беларускае, па-сапраўднаму роднае. Шмат што змянілася з яго прыходам. На тэлебачанне прыйшлі творчыя людзі, перасталі прымаць людзей па знаёмстве, ён увёў конкурсную сістэму адбору дыктараў. Чалавек мудры, інтэлігентны, Генадзь Мікалаевіч умеў размаўляць з людзьмі, на яго ніхто ніколі не крыўдзіўся, нават калі ён рабіў заўвагі і вымовы за парушэнне дысцыпліны. Ён усіх любіў, і яго любілі ўсе. Песні на вершы Генадзя Бураўкіна слухаць без слёз немагчыма. Ён знаходзіў пранікнёныя словы да кожнага свайго верша.

Зінаіда Аляксандраўна распавяла таксама, што Генадзь Бураўкін спрычыніўся да адкрыцця паэта, якога потым ведала ўся Беларусь. Гэта Анатоль Сыс. Ён прыйшоў на конкурс дыктараў, але асаблівых здольнасцей да гэтай працы на тэлебачанні камісія не заўважыла. Але ён чытаў вершы, і Генадзь Мікалаевіч сам выказаў жаданне паслухаць Сыса. Бураўкін заўважыў, што гэта незвычайны чалавек, здольны зрабіць шмат для беларускай паэзіі. Так і адбылося.

Дарэчы, аўдыёкнігу Генадзя Бураўкіна ў серыі “Голас паэта” нельга набыць. Дыск можна атрымаць у падарунак, замовіўшы на сайце Prastora.by кнігі Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна, выданні серыі “Кнігарня пісьменніка”.

Паэт, выдавец Міхась Башура распавёў:

— Я ведаю шмат пісьменнікаў і паэтаў і ніколі не збіраў аўтографаў. Вельмі часта яны атрымліваюцца вымушанымі. Навошта прымушаць чалавека нешта для цябе напісаць, калі ў яго цэлы канвеер аўтографаў? Але гэта не пра спадара Генадзя. Я згадваю, што ў лістападзе 2010 года ён падышоў да мяне і сказаў, што ў яго выйшла кніжка і што ён хоча мне яе падарыць. Падпісаў і падарыў. І знайшоў такія добрыя, простыя, шчырыя, чалавечыя словы для аўтографа, што я вельмі ганаруся тым, што маю гэтую кнігу.

  

Алесь Калоша

Валер Мазынскі і Алесь Калоша, якія асабіста сустракаліся з Генадзем Мікалаевічам і запісвалі яго голас для аўдыёкнігі, распавялі, як праходзіла праца над дыскам. Алесь Калоша прыгадаў:

— Мы запісвалі Генадзя Бураўкіна ў невялічкай студыі ў беларускай хацінцы ў Мінску. Было лета. І калі ішоў дождж і барабаніў па даху, то мы нават перапынялі запіс. І часта пасля запісу я праводзіў спадара Генадзя, мы ехалі некалькі прыпынкаў, потым сядзелі на лаўцы. Ён шмат распавядаў пра сваё жыццё. І зараз я слухаю гэты дыск з пачуццём настальгіі пы тым часе, з памяццю пра высокага чалавека, сустрэча з якім моцна паўплывала на маё жыццё.

Валер Мазынскі

Валер Мазынскі, які шмат гадоў сябраваў з Генадзем Бураўкіным, распавёў:

— Прайшоў балючы час пасля адыходу Генадзя Мікалаевіча, і цяпер мне стала проста, лёгка, і няма адчування, што ён не з намі. І калі ўсе збіраліся на могілкі, каб адведаць магілу Бураўкіна, то я спусціўся на сваю Нямігу грукнуў нагой па зямлі: пачуе! У мяне няма адчування разарванасці, нібыта ён недзе там, а я тут.

У кожнага з выступоўцаў, якія прамаўлялі падчас вечарыны, былі свае адметныя ўспаміны пра Генадзя Бураўкіна. Паэтка, даўрэат Дзяржаўнай прэміі Раіса Баравікова прыгадала выпадак, які стаў для яе і Генадзя Мікалаевіча пачаткам цёплага сяброўства:

— Я ведаю Генадзя Мікалаевіча з часоў яго працы ў “Маладосці”. Гэта быў асаблівы часопіс з вялікім тыражом і аўдыторыяй, і надрукавацца тут было няпроста. Генадзь Мікалаевіч, які быў галоўным рэдактарам, чуў паэзію, разумеў яе. І вось аднойчы адну са сваіх падборак вершаў я даслала ў рэдакцыю пад псеўданімам Зося Гоман. І калі Мікалай Аўрамчык, тагачасны рэдактар аддзела паэзіі, прачытаў тыя вершы, то пайшоў да галоўнага рэдактара па параду. Яны пабачылі, што вершы напісаныя не пачаткоўцам і вырашылі разабрацца, хто хаваецца за гэтым псеўданімам. І калі Мікола Якаўлевіч прыехаў да мяне дадому, то ўсё раскрылася. Пасля гэтага з’явілася вялікая публікацыя ў “Маладосці”. І з таго моманту пачаліся вельмі даверлівыя адносіны з Генадзем Мікалаевічам. Мы маглі рэдка сустракацца, але гэта быў той чалавек, каму можна было пажаліцца, звярнуцца, каб ён нешта парадзіў, заступіўся. Ён гэта рабіў з асаблівай душэўнасцю, цеплынёй. Калі здарылася трагедыя з Жэняй Янішчыц, то Генадзь Мікалаевіч першы адгукнуўся вершам у “ЛіМе”.

Віктар Казько і Васіль Зуёнак

Празаік Віктар Казько прыгадаў два выпадкі, калі Генадзь Мікалаевіч ратаваў яго імя і творы. Адзін з іх быў звязаны з ананімным даносам на творцу, тады Бураўкін меў размову з самім Пятром Машэравым. Другі выпадак здарыўся перад публікацыяй аповесці “Цвіце на Палессі груша” ў часопісе “Дружба народов”. Рэдактар Таццяна Смалянская, баючыся за сваё месца ў часопісе, хацела моцна скараціць аповесць. Аднак доўгая гутарка Бураўкіна з галоўным цэнзарам дапамагла публікацыі твора ў першапачатковым выглядзе.

— Прайшоў толькі год, а мне не верыцца, што адзіны толькі год мінуў. Бо яго так моцна не хапае. Ён быў глыбінны чалавек, які меў нешта схаванае, што абумоўлівала яго як творцу, мудрага і глыбокага, — заўважыў Віктар Апанасавіч.

Васіль Зуёнак

Свае вершы, прысвечаныя Генадзю Бураўкіну, на якія натхнілі іх сумесныя справы і творчыя эксперыменты, чытаў падчас вечарыны паэт Васіль Зуёнак. Ён таксама прыгадаў:

— 1954 год — гэтая дата звяла нашыя з Генадзем Бураўкіным сцежкі. І сышліся яны на Нямізе, там, дзе няміга ўпадае ў Свіслач. І ўвесь гэты час яны ішлі побач, нягледзячы на тое, што адна магла сягнуць за акіян, а друая — блукаць тут па берагах Свіслачы. Але ўвесь гэты час ён быў заўсёды са мной. І калі я зараз пачаў перабіраць свае вершаваныя творы, то пабачыў, што ў мяне з Бураўкінам цэлая вершаваная перапіска.

Міхась Скобла

Паэт, даследчык літаратуры Міхась Скобла распавёў гісторыю аўтографа на кнізе Генадзя Бураўкіна “Вершы пяці кніг”: “Дарагому Міхасю Скоблу, пакутніку за гэтую кніжку. З удзячнасцю за вернасць і за доўгае шчырае сяброўства”. Калі ён быў у савецкім войску, служыў у Закарпацці, то мусіў неяк ратавацца да настальгіі па Беларусі. Таму папрасіў маму, каб яна даслала дзве беларускія кніжкі, якія ён чытаў перад войскам. Гэта раман Уладзіміра Караткевіча “Нельга забыць” і “Вершы пяці кніг” Генадзя Бураўкіна.

Кнігу Бураўкіна насіў заўсёды з сабою. Чытаў сябрам, аднапалчанам. І аднойчы заўважыў, што кніга з тумбачкі знікла. Праз некаторы час ён заўважыў яе ў бібліятэцы вайсковай часці. Тады сказаў бібліятэкарцы, жонцы зампаліта, што гэта яго ўласная кніга і ён яе забірае. Заставалася не так шмат часу да звальнення, і ўсе былі смелыя. Бібліятэкарка адказала, што не мае права аддаць кнігу, бо яна ўжо зарэгістраваная. Спадар Міхась, зусім забыўся на вайсковую субардынацыю і з-за кнігі пасварыўся з зампалітам. Таму ўсе звальняліся з войска на пачатку траўня, Скобла ж у гэты час фарбаваў платы, збіваў кантэйнеры і прыйшоў дадому толькі на пачатку ліпеня.

— Я не адважваўся расказаць пра гэта Генадзю Мікалаевічу, і толькі ў 2006 годзе мы неяк па-сяброўску разгаварыліся, і ён напісаў мне гэты аўтограф, — зазначыў спадар Міхась. Ён таксама звярнуўся з просьбай:

— Тут гучалі вельмі цікавыя ўспаміны пра Генадзя Бураўкіна. Не толькі па творах трэба вывучаць аўтараў, трэба ведаць жыццё пісьменніка. Зараз Сяргей Шапран укладае кнігу ўспамінаў пра Генадзя Бураўкіна. Таму тыя, хто мае ўспаміны пра выдатнага паэта і чалавека, калі ласка, запішыце свае згадкі, тое, што ёсць у памяці. Хай кніга з’явіцца. Яна будзе вельмі патрэбная, неабходная для спасціжэння Генадзя Бураўкіна”.

Аляксей Бураўкін

Адметна, што на вечарыне прысутнічалі сваякі Генадзя Бураўкіна. Яго жонка, сястра, унукі. Заключнае слова ўзяў сын Генадзя Бураўкіна Аляксей Генадзьевіч. Ён выказаў словы ўдзячнасці тым, хто меў дачыненне да стварэння аўдыёкнігі ў серыі “Голас паэта”, а таксама падзяліўся ўласнымі думкамі наконт значнасці гэтага праекта:

— Безумоўна, гэты праект вельмі патрэбны нашай сям’і. І калі мы даведаліся, што дыск выйшаў, то адразу паехалі і набылі колькі было патрэбна беларускіх кніг, каб атрымаць дыск у падарунак. А навошта ён іншым? Па-першае, голас — гэта такая ж адзнака, увасабленне духу чалавека, як і твар, постаць. Мы зараз глядзім фотаздымкі, бачым, як сябе трымае Генадзь Мікалаевіч. А калі паслухаць яго голас, то можна заўважыць, як ён змяняўся з часам, адразу можна вызначыць, калі ён чытае даўнія вершы, а калі — нядаўнія. Гэты голас заставаўся шчырым, адкрытым. З часам у ім з’яўлялася больш мудрасці. Ён не быў хітрым, сіпатым. Па-другое, каб спасцігнуць сапраўдную паэзію, трэба чуць голас аўтара, калі паэт чытае свае вершы, ён гэта робіць не так, як рабіў бы акцёр. Можа, атрымліваецца не так прыгожа, аднак з акцэнтамі і нюансамі, якія абавязковыя, калі хочаш зразумець усю глыбіню радкоў.

Гэтая вечарына магла б доўжыцца бясконца, бо многія мелі што распавесці пра Генадзя Бураўкіна. Нават стогадовы акушэр, які дапамог нарадзіцца Уладзіміру Някляеву, не ўтрымаўся на месцы і прачытаў верш. Думаецца, наступным крокам для ўшанавання памяці пра паэта стане кніга ўспамінаў пра яго. Як і вершы, як голас Генадзя Мікалаевіча, згадкі пра яго стануць новым крокам да спасціжэння асобы гэтага выдатнага Творцы.

Тэкст і фота Марыны Весялухі, для lit-bel.org

Болей фота гл. ТУТ