Заява Рады і Сакратарыята ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» па сітуацыі з тэлеканалам «Белсат»

Усведамляючы важнасць атрымання грамадзянамі Беларусі аб’ектыўнай і нецэнзураванай інфармацыі па-беларуску, ГА “СБП” заклікае польскі бок перагледзець планы адносна ліквідацыі “Белсату”.

“Белсат” цягам 9 год свайго існавання шырока асвятляў культурніцкую сітуацыю, выступаў трыбунай для дзеячоў культуры, незалежных літаратараў, мастакоў, музыкаў, якія не маюць у Беларусі доступу да афіцыйнага тэлебачання і СМІ наогул.

Незалежныя крыніцы інфармацыі ёсць неад’емнай часткай існавання дэмакратычнай еўрапейскай супольнасці, іх аслабленне і ліквідацыя пакідаюць беларусаў безабароннымі, што ва ўмовах татальнай русіфікацыі і ваяўнічага наступу “Рускага свету” без перабольшання можа мець самыя драматычныя наступствы.

Мы спадзяемся, што польская дзяржава, якая сама напрацягу дзесяцігоддзяў цярпела ўціск дыктатуры, знойдзе магчымасць захаваць тэлеканал “Белсат” і застанецца вернай прынцыпам свабоды слова і дэмакратыі.