Заява Рады ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

15 траўня быў асуджаны судом Старадарожскага раёна да адміністрацыйнага арышту на 15 сутак па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзенне масавага мерапрыемства або пікетавання) наш калега, літаратар, журналіст, кнігавыдавец, архівіст, краязнаўца, сябар Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў Віктар Хурсік.

 

Прычына беспрэцэдэнтнага гневу ўладнай Феміды (асудзіць за ўдзел ва ўсталяванні крыжа!) палягае ў наступным: Віктар Хурсік адкрыў праўду аб трагедыі вёскі Дражна Старадарожскага раёна. Некалькі гадоў таму ў сваім нарысе на падставе сабраных матэрыялаў ён напісаў аб жахлівым забойстве партызанамі жыхароў беларускай вёскі. Тэкст двойчы публікаваўся ў ягоных кнігах.


19 красавіка па ініцыятыве мемарыяльнай секцыі Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры побач з могілкамі вёскі Дражна быў усталяваны і асвечаны праваслаўным святаром памятны шасціканцовы крыж нябеснай заступніцы Беларусі святой Еўфрасінні Полацкай у памяць 25 мірных жыхароў, забітых партызанамі 2-й Мінскай партызанскай брыгады 15 красавіка 1943 года. Імёны загінулых пералічаныя на мемарыяльнай шыльдзе, прымацаванай да крыжа. У цырымоніі ўдзельнічалі і відавочцы трагедыі. Праз некалькі дзён рашэннем мясцовых уладаў памятны крыж быў дэмантаваны.

 

Мы абураныя з прычыны ганебнага пераследу пісьменніка Віктара Хурсіка за ягонае бескампраміснае асвятленне нашага мінулага і выказваем сваю салідарнасць з ім.

Прысуд Віктару Хурсіку – з’ява беспрэцэдэнтная. Гэта першае ў нашай гісторыі пакаранне жывых за памяць пра мёртвых.

 

20 траўня 2008 года.