Заява Рады Грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

У газеце “Народная воля” за 7-9 верасня г.г. апублікаваны артыкул “Мільянеры-жабракі, або Дзіўнае існаванне Саюза беларускіх пісьменнікаў” Эрнэста Ялугіна, Віктара Хурсіка і Алеся Данільчыка. Выкладзеныя меркаванні аўтараў, якія свой публічны акт назвалі “дэмакратычным учынкам”, маюць фальсіфікацыйны характар і накіраваныя на дыскрэдытацыю старэйшай творчай арганізацыі Беларусі і яе кіраўніцтва.

Аўтары артыкула, згадваючы колішняе жыццё пісьменнікаў-“мільянераў”, усю віну і адказнасць за сучаснае “жабрацкае” становішча літаратараў ускладаюць на цяперашняга кіраўніка Саюза беларускіх пісьменнікаў Алеся Пашкевіча, абвінавачваючы яго і ў “здачы” Дома літаратара, і ў адсутнасці ў нашай творчай арганізацыі сваіх літаратурных часопісаў, і ў ліквідацыі Беллітфонда, які ён, нібыта, “парушаючы і статутныя нормы, і элементарную інтэлігенцкую прыстойнасць”, узначаліў.

Рада Саюза беларускіх пісьменнікаў мусіць нагадаць аўтарам “выкрывальніцкага” артыкула і ўведзеным у зман чытачам “Народнай волі” аб тым, што і Дом літаратара ў цэнтры Мінска, і суседні будынак пісьменніцкай паліклінікі, і Дом творчасці “Іслач”, і літаратурныя часопісы “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман”, “Крыніца”, “Беларусь”, і штотыднёвік “Літаратура і мастацтва”, заснавальнікам якіх дзесяцігоддзі было нашае аб’яднанне, за апошнія пятнаццаць гадоў у Саюза беларускіх пісьменнікаў (як і саму яго назву: “Саюз пісьменнікаў Беларусі”) адабрала дзяржава. Адабрала сваімі распараджэннямі і судамі, прычым большасць з гэтых ганебных падзей здарылася да таго, як СБП узначаліў Алесь Пашкевіч. Аб гэтым сведчыць хроніка, якую даносілі да грамадства ў першую чаргу незалежныя выданні, у тым ліку і “Народная воля”.

Тым не менш, апынуўшыся ў найскладаных умовах, калі Вярхоўны суд нават разглядаў позву Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў, калі міністр адукацыі распаўсюдзіў распараджэнне аб забароне выступленняў яго членаў у школах і вну і калі чыноўніцкай  сваволяй за членства ў прафесійнай творчай арганізацыі беларускіх пісьменнікаў загадвалася звальняць з працы, – наш Саюз выстаяў. Больш за тое, ён стварыў свой перыядычны друкаваны орган – незалежны дадатак “Літаратурная Беларусь” да штотыднёвіка “Новы час”, заснаваў і выдае сваю кніжную серыю, толькі за апошнія два гады змог правесці каля паўтары тысячы сустрэчаў пісьменнікаў з чытачамі амаль ва ўсіх рэгіёнах краіны. Ён умацаваў творчыя кантакты з пісьменніцкімі саюзамі Еўропы, стаў членам Еўрапейскай Пісьменніцкай Рады, Міжнароднай асацыяцыі пісьменніцкіх саюзаў “Слова без межаў” і Балтыйскай пісьменніцкай асацыяцыі.

Менавіта цяперашняе кіраўніцтва наладзіла перарваныя стасункі з правапераемнікамі Саюза пісьменнікаў СССР і Літфонда СССР (Міжнародная супольнасць пісьменніцкіх саюзаў (МСПС) і Міжнародны літаратурны фонд). Больш за тое – старэйшына савецкай літаратуры Сяргей Міхалкоў не раз выступаў з лістамі-зваротамі да кіраўніцтва краіны ў падтрымку “апальнага” Саюза беларускіх пісьменнікаў. Дзякуючы Міжнароднаму літфонду Беллітфонд  меў матэрыяльную падтрымку беларускіх літаратараў. Былі прафінансаваныя выданні кнігі народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава “Парадоксы жыцьця / Парадоксы жизни” і, часткова, адзін з тамоў яго Поўнага збору твораў. І толькі тады, калі новы старшыня МСПС і Міжнароднага літфонда Іван Пераверзін, абраны пасля зыходу Сяргея Міхалкова, заплюшчыў вочы на незаконны пераслед беларускіх літаратараў і ўзяў удзел у заснаванні ў Мінску так званага Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, нават не праінфармаваўшы аб сваіх намерах аднаго з сузаснавальнікаў – Саюз беларускіх пісьменнікаў, кантакты з ім перапыніліся. Так было ў сапраўднасці, а не так, як напісалі аўтары публікацыі: “Сваволле, самаўпэўненасць старшыні СБП не атрымалі і не атрымліваюць належнай крытычнай ацэнкі з боку рады. Гэта падштурхоўвае яго да здрады інтарэсам арганізацыі. З-за яго асабістых амбіцый страчана традыцыйнае супрацоўніцтва з пісьменніцкімі арганізацыямі ў Маскве – Міжнародным літаратурным фондам і Міжнароднай супольнасцю пісьменніцкіх саюзаў”.

Дарэчы, пра “сваволле і самаўпэўненасць”. Алеся Пашкевіча абвінавачваюць у “перавароце, учыненым змоўшчыкамі” – у абранні падчас мінулага з’езда СБП на пасаду старшыні Беллітфонда. Мусім нагадаць, што падобнае – адначасовае правядзенне з’ездаў СБП і Беллітфонда – практыкавалася і ў мінулыя часы, паколькі члены гэтых арганізацый – адны і тыя ж асобы. Мы не можам зразумець, з якіх крыніц чэрпалі аўтары артыкула інфармацыю аб тым, што “Рада не прыняла рашэнне аб сумяшчальніцтве. Адмоўна наконт сумяшчэння пасад выказалася таксама большасць членаў праўлення Беллітфонду”, а сам з’езд пісьменнікаў, маўляў, быў “нязвычна нервовы, скамечаны, хутчэй падобны на дылетанцкі палітычны мітынг”, падчас якога старэйшыны літаратуры з месца раілі “не гарачыцца”. Нагадаем, што па статуце Беллітфонда старшыня мог быць абраным і на пасяджэнні Праўлення. Тым не менш, Алесь Пашкевіч вынес гэтае пытанне на вырашэнне ўсёй грамады, якой і быў дэмакратычна абраны старшынём Праўлення Беллітфонда. Вось толькі ці змогуць аўтары артыкула адказаць, што падштурхнула былога,“аддана працаваўшага” старшыню Літфонда пайсці пасля гэтага ў Мінюст з заявай-пасквілем? Вынікам стала праверка Міністэрства юстыцыі. Насуперак чаканням “дабразычліўцаў” абранне Алеся Пашкевіча на пасаду было прызнана правамоцным.

Зрэшты, функцыі старшыні Праўлення Беллітфонда па статуце – прадстаўнічыя. Ён не меў права банкаўскага подпісу. Рэальнай адміністрацыйнай уладай быў надзелены дырэктар Беллітфонда, на той час – Віктар Хурсік, адзін з аўтараў “выкрывальніцкага” артыкула, які на згаданым з’ездзе наабяцаў пісьменнікам залатыя горы, а сам праз месяц сыйшоў, пакінуўшы разграбаць “канюшні” іншым. Кур’ёзнасць сітуацыі і ў тым, што ягоным наступнікам на дырэктарскай пасадзе стаў трэці “падпісант” артыкула – Алесь Данільчык, пры якім Беллітфонд быў ліквідаваны і з аўкцыёну быў прададзены санаторый-прафілакторый пісьменнікаў “Іслач”. А сёння яны ж, звальваючы ўсе магчымыя і немагчымыя грахі на Алеся Пашкевіча, нахабна пытаюць: “А дзе ж атрыманыя за продаж санаторыя грошы?”.

Грошы – на рахунку ліквідацыйнай камісіі на чале з намеснікам старшыні Дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па маёмасці. Высвятленне іх лёсу – нашыя агульныя клопат і задача. Прасцей, вядома, шукаць іх у чужой кішэні. Так, за сваю працу на пасадзе старшыні праўлення Беллітфонда, паводле загада дырэктара, Алесь Пашкевіч атрымаў – праз паўтары гады нявыплаты – заробак. Аб тым “са смакам” паведамляюць аўтары “Дзіўнага існавання…”. Але чаму яны не згадалі і аб тым, што заробкі атрымалі і каля двух дзясяткаў супрацоўнікаў Беллітфонда – за ўсе мінулыя гады, а сярод іх – і былыя дырэктары Беллітфонда, аўтары артыкула Віктар Хурсік і Алесь Данільчык?! Пры гэтым сакратарыят Саюза беларускіх пісьменнікаў (старшыня і намеснікі) ад часу абрання ў 2002 годзе працуе на грамадскіх пачатках і аніякіх грашовых выплат не атрымліваў.

Мусім праінфармаваць, што агучаныя ў артыкуле “Мільянеры-жабракі, або Дзіўнае існаванне Саюза беларускіх пісьменнікаў” “факты” пасля адпаведнага звароту старшыні Рэвізійнай камісіі Васіля Якавенкі былі разгледжаныя на мінулым пасяджэнні нашай Рады, на якой старшыня Алесь Пашкевіч па кожнай з “прэтэнзій” даў падрабязную інфармацыю і быў падтрыманы сябрамі Рады.

Недарэчнымі выглядаюць і закіды адносна стварэння мемарыяльнага пакоя Максіма Танка і годнага захавання карцін, кніг і фотапартрэтаў у Доме літаратара, бо той Дом і адпаведна маёмасць у ім не належаць нашаму аб’яднанню.

І пра апошні “злачынны крок” старшыні нашага Саюза (які, зрэшты, не мае дачынення да дзейнасці Саюза беларускіх пісьменнікаў) – “прысвойванне” сродкаў на выданне кнігі пра Барыса Кіта. Удакладняем: згаданыя ў артыкуле сродкі фундатар вырашыў патраціць на выданне юбілейнага альбома ў гонар  славутага беларуса. Кніга ўкладаецца і неўзабаве выйдзе ў свет.

Зразумела, у нялёгкіх умовах працы кіраўніцтву Саюза беларускіх пісьменнікаў не ўсё ўдаецца зрабіць і ажыццявіць. Тым не менш, Рада заяўляе аб сваёй падтрымцы дзейнасці старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алеся Пашкевіча. У з’яўленні артыкула “Мільянеры-жабракі, або Дзіўнае існаванне Саюза беларускіх пісьменнікаў” мы бачым спланаваную спробу дыскрэдытацыі Рады і дзейнасці найстарэйшай творчай арганізацыі, свайго роду сімвала беларушчыны і нацыянальнага мастацкага слова – Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Застаецца адкрытым пытанне: каму насамрэч быў патрэбны згаданы артыкул, каму гэта выгадна?

Прынятая 14 верасня 2010 года

Ніл Гілевіч, народны паэт Беларусі

Эдуард Акулін, намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў

Уладзімір Арлоў

Лявон Баршчэўскі

Генадзь Бураўкін, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі

Анатоль Вярцінскі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі

Леанід Дранько-Майсюк

Генрых Далідовіч, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі

Сяргей Законнікаў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі

Васіль Зуёнак, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі

Віктар Казько, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі

Анатоль Кудравец, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі

Уладзімір Някляеў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі

Барыс Пятровіч (Сачанка), намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў

Міхась Скобла, намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў

Кастусь Цвірка