Заява Рады РГА "Беларускі ПЭН-Цэнтр"
У фотаальбомах са здымкамі прызёраў мінулагодняга конкурсу “Belarus Press Photo”, канфіскаваных у беларускіх фатографаў Аляксандра Васюковіча і Юліі Дарашкевіч, экспертыза, замоўленая Упраўленнем КДБ па Гродзенскай вобласці, выявіла «наўмысна скажоныя, не адпаведныя рэчаіснасці выдумкі пра жыццядзейнасць Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах, якія прыніжаюць нацыянальны гонар і годнасць грамадзян Беларусі”.
“Падборка матэрыялаў альбома ў сукупнасці адлюстроўвае толькі негатыўныя аспекты жыццядзейнасці беларускага народа… змяншае аўтарытэт дзяржаўнай улады, падрывае давер да органаў улады з боку замежных дзяржаў, замежных або міжнародных арганізацый”.
“У адпаведнасці з арт. 1 Закона РБ “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”, дзейнасць грамадзян па ажыццяўленні дзеянняў, скіраваных на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці, ёсць экстрэмісцкай”, — гаворыцца ў адказе на імя Юліі Дарашкевіч. Цяпер незалежных журналістаў-фатографаў Юлію Дарашкевіч і Вадзіма Заміроўскага, арганізатараў творчага конкурсу Belarus Press Photo — 2011, выклікаюць у суд.
РГА "Беларускі ПЭН-Цэнтр" — зарэгістраванае ва ўсталяваным парадку добраахвотнае грамадскае аб'яднанне, адна з галоўных мэтаў дзейнасці якога — супрацьдзеянне любому абмежаванню і пераследу грамадзян Беларусі ў рэалізацыі іх права на свабоднае выказванне сваіх думак і поглядаў. Гэтае права гарантаванае, у прыватнасці, артыкулам 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе гаворыцца:
“Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб'яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца”.
Рада РГА “Беларускі ПЭН-Цэнтр” разглядае такія дзеянні ў дачыненні да фатографаў як праяву пераследу журналістаў за іх творчасць і іх перакананні, што наўпрост супярэчыць прыведзенаму вышэй артыкулу Канстытуцыі, а таксама ўзятым на сябе Рэспублікай Беларусь міжнародным абавязанням у галіне абароны найважнейшых правоў чалавека.
Заклікаем адпаведныя дзяржаўныя органы спыніць незаконны пераслед журналістаў і творцаў. Пры гэтым мы пакідаем за сабой права паінфармаваць міжнародную супольнасць аб фактах парушэння правоў на свабоду выказвання і творчай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь.
Старшыня РГА "Беларускі ПЭН-Цэнтр" Андрэй Хадановіч