Заява сакратарыята ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

Як паведамілі СМІ, у Віцебскай абласной бібліятэцы скасоўваецца аддзел беларускай літаратуры.

Цяпер кнігі на беларускай мове чытачам давядзецца шукаць па розных аддзелах, але шмат выданняў яны больш не знойдуць наогул — ідзе масавае спісанне беларускіх кніг, іх адпраўляюць у макулатуру…

Сакратарыят ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” выказвае занепакоенасць такой пазіцыяй і дзеяннямі кіраўніцтва бібліятэкі, аддзела культуры Віцебскага аблвыканкама і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Падобны крок у абвешчаны Год Кнігі выглядае неабдуманым і толькі пагаршае сітуацыю з неабходнасцю папулярызацыі нацыянальнай літаратуры.

Сакратарыят ГА “СБП” заклікае дзяржаўныя органы і кіраўніцтва Віцебскай абласной бібліятэкі адмяніць ганебнае рашэнне і аднавіць працу ліквідаванага аддзела.

30 студзеня 2012

Прэсавая служба СБП