Заява з нагоды затрымання і дэпартацыі ўкраінскага пісьменніка Сяргія Жадана

У ноч з 10 на 11 лютага 2017 года праваахоўнымі органамі Беларусі ў нумары мінскага гатэлю “Юбілейны” быў затрыманы вядомы ўкраінскі пісьменнік Сяргій Жадан, які прыехаў узяць удзел у VI Міжнародным паэтычным фестывалі памяці Міхася Стральцова “Вершы на асфальце”.

З фармулёўкай “за причастность к террористической деятельности” Сяргій Жадан быў змешчаны ў міліцэйскі пастарунак, дзе правёў рэшту ночы. Выніковым рашэннем міліцыі сталася забарона пісьменніку на ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь на нявызначаны тэрмін і патрабаванне пакінуць межы краіны цягам 72 гадзін.

Падставай для затрымання і дэпартацыі Сяргія Жадана было названае пагадненне паміж Беларуссю і Расійскай Федэрацыяй, паводле якога асобы, «непажаданыя» для ўезду ў РФ, аўтаматычна з'яўляюцца персонамі нон-грата і ў Беларусі.

Выказваем абурэнне з прычыны ганебнага затрымання паважанага госця і даўняга сябра Беларусі Сяргія Жадана. Перакананыя, што падобныя дзеянні ўладаў сведчаць пра несамастойнасць у прыняцці важных рашэнняў, якія не толькі не адпавядаюць інтарэсам незалежнай Беларусі, але і наносяць непапраўную шкоду іміджу нашай суверэннай дзяржавы, а таксама ставяць пад пытанне ролю Беларусі як нейтральнай пляцоўкі для перамоваў у расійска-ўкраінскім канфлікце.

Звяртаемся да кампетэнтных органаў дзяржаўнай улады з патрабаваннем скасаваць рашэнне аб дэпартацыі і забароне на ўезд Сяргію Жадану, выказаць яму афіцыйныя прабачэнні і зрабіць адпаведныя захады для прадухілення падобных інцыдэнтаў у будучым.

Саюз беларускіх пісьменнікаў

Беларускі ПЭН-Цэнтр

Беларуская асацыяцыя журналістаў

Беларускі Калегіюм

«Лятучы Універсітэт»

Выдавецтва і кнігарня "ЛогвінаЎ"