«Зазімак» — выбраныя вершы Уладзіміра Папковіча

У пачатку красавіка адбылася прэзентацыя гэтага вершаванага зборніка ў Віцебскай абласной бібліятэцы, а 28 красавіка аўтар запрашае аматараў паэзіі на творчую сустрэчу ў Музей беларускага кнігадрукавання ў Полацку.

Імя Уладзіміра Папковіча, сябра ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" з 1981 года, доўгія гады -- выкладчыка і загадчыка кафедры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава, і перакладчыка з нямецкай і на нямецкую мовы, лаўрэата прэмій "Сузор'е муз" і імя Уладзіміра Караткевіча, добра вядомае чытачам. Новая кніга паэта прыйдзецца даспадобы аматарам класічнай рыфмаванай традыцыі, сур'ёзнай філасофскай тэматыкі, тонка аздобленай доляй іроніі і самаіроніі лірычнага героя.

Жыццё

Жыццё растваралася ў шуме і галасе,

Яно зіхацела, трымцела, гуло.

Відовішчам дзіўным яно мне здавалася,

Сачыць за якім так цікава было.

Там людзі смяяліся, пелі, злаваліся,

І слёзы лілі, і на скокі ішлі.

А збоку здавалася, што прыстаўляліся,

Што прытвараліся, а не жылі.

Ды раптам мяне падхапіла няўмольная

Магутная плынь, як паводка вясной,

Кідала, гайдала цячэнне раздольнае,

Гуляла ды забаўлялася мной.

Мне дух захапіла ад нечаканасці,

Я лётаў над хвалямі, падаў на дно.

Глядзеў маладзёнак з ружовай туманнасці

І весела думаў: "Вось гэта кіно!"

У вобразе лірычнага героя сталага, які азіраецца назад і па-добраму пакеплівае з сябе маладога, многія могуць пазнаць сябе. І ў адначассе ў гэтым зборніку шмат прыватнасці, шмат асабістага. Нават калі Уладзімір Антонавіч піша пра вёску -- а гэтая тэматыка найбольш звыклая і кансерватыўная для беларускай паэзіі, -- ён робіць гэта настолькі па-свойму, інтымна, з вышыні сваёго жыццёвага досведу, што гэта сапраўды кранае.

***

Пішу, як дома гаварылі...

Зноў чую галасы з двароў:

Гамоняць Ганькі і Марылі,

На выган гонячы кароў.

Пад пошчак пугі адмысловы

Жартуе весела пастух.

Запомніліся больш не словы,

А той зямны, здаровы дух,

Які даваў жыццё і крылле

Гамонцы простай --

На вякі...

Пішу, як дома гаварылі:

Радня,

Суседзі, землякі.

Поруч з адмыслова беларускай прывязанасцю да сваёй зямлі, "укаранёнасцю" ў крэўныя сувязі, свойскасцю можна знайсці ў зборніку і матыў падарожжа. Нездарма ж архетыповы вечны вандроўнік ужо колькі стагоддзяў вывучае дарогі еўрапейскай літаратуры!

***

Люблю падацца ў белы свет,

У шлях нязнаны і няблізкі,

Купіць да пункта Х білет,

Жыць без нагляду і прапіскі.

Пакінуўшы свой родны дах,

Пакуль душа зноў не заные,

Павандраваць па гарадах,

Дзе ёсць музеі і піўныя.

Худым, счарнелым, з барадой

Вярнуцца і паспавядацца...

Піць роднай мовы сырадой

І ад зласліўцаў адбівацца.

Такім чынам, кніга "Зазімак" выправілася ў белы свет, і спадзяемся, на сваім шляху яна сустрэне нямала ўдзячных чытачоў.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"