Зазірнем у святочную скарбонку «Кнігазбора»!

«Будзьма!» зазірнула ў скарбонку выдавецтва «Кнігазбор» і выбрала для вас найбольш адметныя святочныя падарункі. Каб іх адшукаць, нават не трэба таўчыся на мітуслівых кірмашах. Святочныя скарбы «Кнігазбора» вы знойдзеце ў кнігарнях па ўсёй Беларусі!

“Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды”, Свэн Нурдквіст

Pettson fa-r julbeso-Vokladka_BY.indd

Калядныя прыгоды гарэзы Фіндуса і яго лагоднага сябра Пэтсана захопяць кожнага. Са старонак цудоўна ілюстраванай кнігі ў пакой урываюцца калядныя водары імбірнага печыва, яловых лапак і васковых свечак. Маленькія чытачы будуць не раз хвалявацца за Пэтсана і Фіндуса і радавацца іх вынаходлівасці, вучыцца прыходзіць на дапамогу, дзяліцца сваёй дабрынёй з тымі, каму яна патрэбная.

Каляндар “Не маўчы па-беларуску” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”

vokl

Пад вокладкай календара вас чакаюць 366 (бо 2016 – высакосны :)) адметных беларускіх словазлучэнняў у вясёлых малюнках мастачкі Дар’і Мандзік, 12 дасціпных прыказак і прымавак ад укладальнікаў і зарад добрага настрою на кожны дзень новага года. Не маўчым па-беларуску разам і ў 2016 годзе!

 “Як Васілёк выратаваў каралеўства”, казка-размалёўка Стасі Наркевіч

Усе маленькія беларусачкі хацелі б пажыць у каралеўстве ды прымераць ролю прынцэсы! І кожная з іх марыць пра свайго адважнага Васілька, які заўсёды гатовы выратаваць яе каралеўства ад чорнага ведзьмака. А яшчэ ўсе маленькія прынцэсы дакладна любяць размалёўкі! Спецыяльна для прынцэсак-беларусачак у скарбонцы “Кнігазбора” ёсць вельмі мілая і пяшчотная казка-размалёўка “Як Васілёк выратаваў каралеўства”.

“Найлепшы спявак у свеце”, Ульф Нільсан

Гэта гісторыя пра шчаслівае дзяцінства, сапраўднае сяброўства і вялікія перамогі маленькага чалавека. З кнігай “Найлепшы спявак у свеце” бацькі лёгка дапамогуць сваім дзеткам перамагчы монстра сарамлівасці, а старэйшыя дзеці зразумеюць, што малодшы брацік — гэта не толькі пакутлівыя змаганні за цацкі, але і найлепшая сяброўская падтрымка!

Набор паштовак “Кола святаў” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”

kola_sviatau

Восем яркіх паштовак  пра беларускія традыцыйныя святы.  Набор ілюстраваны малюнкамі маладой мастачкі Ангеліны Коршунавай. Тэксты — лёгкія і пазітыўныя, на англійскай і беларускай мовах, створаныя пісьменніцай Марыяй Мартысевіч, — расказваюць гісторыю святаў, звязаныя з імі традыцыі і даюць вясёлыя парады па святкаванні ў сучасных умовах. Паштоўка “Каляды”, напрыклад, навучыць варажыць з дапамогай сучасных гаджэтаў! :)

02

Набор паштовак “Святы, якія заўжды з табой” ад Лявона Вольскага і кампаніі “Будзьма беларусамі!”

01ad-liavona_vokl

Многія каляндарныя святы дасталіся нам у спадчыну яшчэ з савецкіх часоў. Лявон Вольскі назбіраў 28 такіх святаў, пераасэнсаваў і намаляваў паштоўку да кожнага з іх. Выдатны падарунак для тых, хто глядзіць на жыццё з гумарам, або проста для фанатаў і прыхільнікаў творчасці Лявона Артуравіча.

01

Дзіцячы альманах “Гарбузік”

Harbuzik_vokladka

Шукаеце падарунак для дапытлівых дзетак? “Гарбузік” падрыхтаваў для цікаўных, разумненькіх і актыўных маленькіх беларусаў найлепшыя спосабы прабавіць вольны час. Ён навучыць лічыць і выразаць выцінанкі, майстраваць папяровыя замкі і рашаць касмічныя задачкі, лёгка засвойваць новыя англійскія словы!

“Віта Белая Крэска”, “Віта Белая Крэска і Эйвінд”, Сара Лундберг

kreska(1)

Ёсць у скарбонцы “Кнігазбора” і цэлая серыя кніг пра дзяўчынку Віту, якая малюе крэскі, пешаходныя пераходы і такім чынам дапамагае сябрам перайсці дарогу. Яна лёгка патлумачыць, чаму на чырвонае святло святлафора трэба стаяць, а ісці толькі разам з “Зялёным чалавечкам”!

Кніга аформленая ярка і незвычайна. Аўтарка і мастачка-афармляльніца атрымала за адну з кніг прэстыжную шведскую прэмію Аўгуста.

Усе дзіцячыя кнігі выйшлі ў серыі  “Каляровы ровар” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”. Нагадваем, што ўсе скарбы “Кнігазбора” вы лёгка адшукаеце ў кнігарнях па ўсёй Беларусі. Адрасы ТУТ.

http://budzma.by/