Зборнік "Літаратурнае прадмесце" прэзентаваны ў Бялынічах і Магілёве

Творчы калектыў у складзе трох азначаных асобаў прэзентаваў зборнік “Літаратурнае прадмесце” – у Бялынічах (раённая бібліятэка) і ў Магілёве (бібліятэка імя К. Маркса).
Віка Трэнас, Людміла Рублеўская, Юры Несцярэнка. Фота Аляксандра Сабалеўскага
“Літаратурнае прадмесце” – гэта суполка беларускіх літаратараў, якая ў снежні 2012 года адзначыла сваё 10-годдзе. Ад самага пачатку аб’яднаннем кіруе Людміла Іванаўна Рублеўская, якая зрабіла “Прадмесце” сапраўднай лабараторыяй маладых талентаў. Да юбілею суполкі быў падрыхтаваны аднайменны зборнік, куды ўвайшлі вершы і проза тых аўтараў, хто на працягу дзесяці год удзельнічаў у дзейнасці “Літаратурнага прадмесця”.
Юры Несцярэнка
Людміла Рублеўская падчас сустрэчы пазнаёміла гледачоў з уласнымі кнігамі, якія выйшлі зусім нядаўна. Віка Трэнас прачытала некалькі сваіх вершаў, а таксама распавяла пра тое, як маладое пакаленне беларускіх літаратараў прадстаўляе нашую краіну за мяжой. Наведнікі мелі магчымасць пабачыць кнігі і часопісы, выдадзеныя ў Швецыі, Літве, Нямеччыне, на старонках якіх змешчаны пераклады твораў сучасных беларускіх аўтараў на замежныя мовы -- шведскую, нямецкую, літоўскую, польскую. Юры Несцярэнка праспяваў песні на вершы Людмілы Рублеўскай і іншых аўтараў.