«Зборную РБ па негалоўных відах спорту» прэзентавалі ў кнігарні «логвінаЎ»

У новую кнігу празаіка і перакладчыка Паўла Касцюкевіча «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» ўвайшло чатырнаццаць апавяданняў. З нагоды выхаду кнігі 20 снежня ў кнігарні «логвінаЎ» адбылася аўтограф-сесія Паўла Касцюкевіча, дзе аўтар зачытаў абраныя тэксты са свайго зборніка.

 

Павел Касцюкевіч, майстар апавядання, шырока вядомы як выдатны перакладчык на беларускую мову Этгара Керэта, Курта Вонэгута і іншых, нядаўна скончыў пераклад рамана амерыканскага пісьменніка Дугласа Адама «Аўтаспынам па Галактыцы». 


 

Пісьменнік расказаў, адкуль узялася ідэя кнігі і такой неадназначнай яе назвы. «Мне здалося, што за выняткам тых, хто гуляе ў сапраўдных зборных, усе мы гуляем у нейкіх негалоўных відах спорту. Менавіта зборных, таму што думаем, што мы найлепшыя.

 

А калі сур’ёзна, то гэта кніжка расчараванняў. Першае расчараванне было, калі я даведаўся, што мае бацька і маці – не самыя прыгожыя і не самыя моцныя людзі на зямлі. Другое расчараванне: калі мне быў дваццаць адзін год, я думаў, што Савецкі Саюз захопіць свет, і я буду выкладаць рускую мову ў нью-ёркскай школе, але краіна развалілася, і гэтага ўсяго не адбылося. Дый я і не выкладаю рускую мову, таму што мне гэта нецікава. І апошняе расчараванне: трэба прызнацца, што зборная Беларусі па футболе ніколі не трапіць на мундыяль, нікуды не трапіць. Я падумаў, што гэтыя расчараванні трэба сабраць у адну каманду і неяк імі кіраваць. «Дваццаць – дваццаць пяць плячыстых на жывот, касцістых на язык…» – яны і ёсць маімі расчараваннмі. Я пачаў з імі гуляцца, пачаў адпраўляць іх на спаборніцтвы. Так нарадзілася кніжка».

Рэпартаж цалкам гл. на budzma.org