Зерне слоў: Івану Бурсаву – 85!

Сёння, 19 снежня, Іван Цярэнцьевіч Бурсаў адзначае сваё 85-годдзе. Шаноўны спадар Іван, прыміце нашыя шчырыя віншаванні! Здароўя Вам, дабрабыту і творчага плёну! Няхай кожны дзень прыносіць натхненне!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Уздымныя крокі

Іван Цярэнцьевіч Бурсаў нарадзіўся 19 снежня 1927 года ў Клімавічах Магілёўскай вобласці. Працоўны шлях пачынаў на Чэлябінскім металургічным заводзе, на Мінскім трактарным...

Свае першыя вершы чытаў сябрам літаб’яднання пры газеце “Знамя юности”. Па сканчэнні Літінстытута ў Маскве некаторы час працаваў рэдактарам часопіса “Нёман”. Пазней стаў супрацоўнікам часопіса “Молодая гвардия”.

Апрача кніг прозы Іванам Бурсавым выдадзена 14 зборнікаў вершаў, 20 “творчых пасланняў” для дзяцей. Многія набыткі Бурсава перакладзены на балгарскую, нямецкую, польскую, украінскую і іншыя мовы. А самому Бурсаву-перакладчыку былі ўдзячныя Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін, Уладзімір Караткевіч і Васіль Зуёнак, Еўдакія Лось і Кастусь Цвірка, Мікола Федзюковіч і Данута Бічэль-Загнетава, Пятрусь Броўка і Анатоль Астрэйка... Дружылі з маскоўскім суайчыннікам і мінскія кампазітары.

У 2011 годзе Іван Бурсаў выдаў прэзентатыўную анталогію беларускай паэзіі “Шаги”. У кнігу падабраны творы “пачынальнікаў”, “нашаніўцаў”, “маладнякоўцаў” і “ўзвышэнцаў” – усяго сорак сем творцаў з вялікай грамады літаратурнага шэсця. Асобны раздзел анталогіі напоўнены перакладамі спадчыны Алеся Смаленеца (А. Ружанцова), Ларысы Геніюш, Аляксея Пысіна. Зборнік заканчваецца ўдумным артыкулам “Мой Янка Купала” і вершам-прысвячэннем з нагоды ўсталявання ў Маскве помніка класіку беларускай літаратуры.

З 85-годдзем Вас, Іван Цярэнцьевіч!

Сяргей Панізнік, Літаратурная Беларусь, № 75

 

Іван Бурсаў

 

Зерне слоў

Шурпаты шум палёў,

птушыны гмах нябёс –

усё, што пакахаў

і ў сэрцы прыбярог, – 

узняў на думны лёс,

над плёсамі разнёс,

каб зерне

спелых слоў

сабраць у звонкі рог.

 

Каханне не замрэ...

І пойдзе новы рост

ад збажыны, з якой

я ўсплыў

па-над зямлёй...

Вам любасці сцябло!

Будзь плоднаю, любоў,

над вашаю вясной,

над... памяццю маёй!

 

Лабжанка

Крылатым соснам

лета, як служанка –

яны звіняць,

каб знікла і слата...

А рэчка

называецца Лабжанка,

і ў рэчцы той

зялёная вада.

Яна хвалюецца

на асачынах,

дае хвастам яршовым круцяля.

Тут не вада –

Жывы нектар айчыны,

дзе сам я прытуляўся да камля.

Крылатым соснам

лета, як служанка –

прымкнулася дзяцінства дабрата...

Я ў горкі час

уміг з табой, Лабжанка!

У прысмаку

зялёная

вада.

 

Зазімак

Слязу

скаціла кропля за акном.

А на двары ані зімы,

ні лета.

І лес,

разнюханы бялюткім сном,

страсае снег з махровых эпалетаў.

 

Ля ног яго

Сумёты

з-пад палы

выглядваюць, бо ім ужо не спіцца,

камлі і кроны ў водары смалы,

капежыцца вясёлая ігліца.

 

Прачнуўшыся між летам і зімой,

з пагодай лес нядужы разабрацца.

Стаіўся, як і я перад табой,

не ведаючы –

плакаць

ці ўсміхацца.

Пераклаў з рускай Сяргей Панізнік