Жалоба: пайшоў з жыцця пісьменнік Пятро Макарэвіч

Пра жалобную навіну паведаміла сёння сябра СБП Данута Бічэль-Загнетава. Пятро Рыгоравіч памёр у пятніцу, 12 снежня, ва ўзросце 76 гадоў.

Пятро Макарэвіч апошнім часам даволі часта бываў на сядзібе СБП, быў заўзятым гульцом у шахматы, прыязджаў у Мінск з Ліды, каб браць удзел у сяброўскіх шахматных турнірах сярод сябраў СБП.

Пятро Макарэвіч і Барыс Пятровіч падчас уручэння дыпломаў за ўдзел у шахматным турніры да Дня Волі.

Макарэвіч Пятро Рыгоравіч нарадзіўся 15.04.1938 г. у в. Шынкі Крупскага раёна Мінскай вобл. Скончыў Шынкоўскую сямігодку і Бобрскую СШ. Служыў на Каўказе памежнікам. Закончыў бібліятэчны факультэт Мінскага педінстытута імя М. Горкага. Працаваў загадчыкам Лідскай раённай бібліятэкі, інструктарам РК КПБ. Пасля стацыянарнай Вышэйшай школы КДБ у Мінску служыў оперупаўнаважаным у г. Ліда. У знак нязгоды з карна-рэпрэсіўнай палітыкай савецкай дзяржавы падаў рапарт на імя кіраўніка КДБ СССР. Уладкаваўся на працу на лакафарбавы завод. 27 гадоў адпрацаваў у «Лідскай газеце» і на гарадскім радыё карэспандэнтам. Вершы і пераклады друкаваліся ў рэспубліканскіх газетах і часопісах, альманаху «Братэрства» і інш. Аўтар зборніка вершаў «Злітак». Рэкамендаваны ў СБП Уладзімерам Арловым, Анатолем Вярцінскім і Міхасём Скоблам.

Прэс-служба СБП