Жалобная навіна: памёр Мікола Арочка

Як паведаміла Радыё "Свабода", пайшоў з жыцця Мікола Арочка, паэт, перакладчык і літаратуразнаўца. Яму было 82 гады.

Выказваем шчырыя спачуванні яго блізкім і ўсім, хто добра ведаў спадара Міколу.

 

Арочка Мікола (Міколай Мікалаевіч) нарадзіўся 10.12.1930 г. у вёсцы Вецявічы Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1951 г. скончыў Азярніцкую сярэднюю школу Слонімскага раёна і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Пасля заканчэння універсітэта (1956) працаваў у часопісе «Сельская гаспадарка Беларусі» (1956-1960) і ў газеце «Літаратура і мастацтва» (1962). У 1966 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1966 г. - навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Доктар філагічных навук. Сябра СП СССР з 1958 г.

У друку з вершамі пачаў выступаць з 1949 г. (баранавіцкая абласная газета «Чырвоная звязда»).

Выступаў як перакладчык з расейскай, латышскай, польскай, ангельскай моў.

Бібліяграфія 

«Не ўсе лугі пакошаны». 1958 г.

«Ветраломная паласа». 1962 г.

«У птушынай вёсцы». 1964 г.

«Хай расце маладая таполя». 1964 г.

«Крылатае семя». 1967 г.

«Кветкі бяссмертніка». 1972 г.

«Матчына жыта». 1978 г.

«Колас на ржышчы». 1980 г.

«Курганне. Крэва». 1982 г.

«Бяздоннае». 1985 г.


Прэсавая служба СБП