«Жырандоля» – першы з пяці абласных альманахаў

Ніна Мацяш, першая рэдактарка альманаха

Цяпер у Магілёве выходзіць альманах «Брама», у Віцебску ―  «Ратуша», у Горадні ― «Новы замак», у Гомелі ― «Палац».

Ля вытокаў стварэння ў 2008 годзе рэгіянальнага выдання «Жырандоля» стаяла паэтка Ніна Мацяш, якая стала яго першай укладальніцай і рэдактаркай.

Даслаць рэдкалегіі сваю прозу, паэзію і крытыку можа любы пісьменнік, які жыве ў Берасцейскай вобласці.

Выданне тым і каштоўнае, што дае магчымасць чытачам у Берасці чытаць і ведаць сваіх мясцовых аўтараў. Сёлетні, шосты нумар ― варты ўвагі.

Тэма нумара ў анатацыі не заяўлена, але ў многіх назвах празаічных тэкстаў  чытаецца пэўная еднасць ― «Жывая і мёртвая вада» Сяргея Амельчука, «Пад пяском, над якім плыве рыба» Яўгена Бяласіна, «Намоўленая вада» Віктара Губарэвіча, «Мост праз Дунай» Міколы Ільючыка

Аматараў гісторыі і краязнаўства напэўна зацікавяць артыкулы «Бібліятэкі на Лунінеччыне ад узнікнення (ХVI ст.) да 1940-х гадоў» Вадзіма Жылко і Васіля Туміловіча, «Рынкі» (Вёскі, што знікаюць) Ніны Марчук, «Развагі Міхаіла Клеафаса Агінскага пра бацькаўшчыну» Леаніда Несцярчука, нататкі Алеся Зайкі.

Ёсць у альманаху рубрыкі паэзіі, гумару, твораў для дзетак,  раздзел з творамі маладых аўтараў, друкуецца і замежная класіка ў перакладзе на беларускую.

Агулам над стварэннем нумару працавалі больш за сорак пісьменнікаў Берасцейшчыны. Віншуем з вартым вынікам творчай працы, сябры!

АК, Прэс-служба СБП.