"Жырандоля” засвяцілася на Берасцейшчыне

У сталічным выдавецтве “Кнігазбор” убачыў свет літаратурны альманах Брэсцкага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў “Жырандоля”. Па традыцыі, як гэта і стасуецца з паняццем класічнага альманаху, тут змешчаны празаічныя і паэтычныя творы, пераклады, сатыра і гумар, успаміны як прафесійных літаратараў, так аматараў прыгожага пісьменства. Сярод больш чым чатырох десяткаў імёнаў – ня толькі выхадцы з Берасцейшчыны, але і тыя, каму гэтая зямля сталася другой радзімай. Змешчаны ў альманаху і творы беларускамоўных паэтаў з замежжа – Польшчы, Чэхіі і іншых рэгіёнаў Беларусі.

Укладальніца і рэдактар альманаху “Жырандоля” Ніна Мацяш піша ў прадмове: “Гэты альманах рыхтаваўся з думкай пра найпершага на Берасцейшчыне пісьменніцкага гуртавога і вадара, нашага непасрэднага кіраўніка, настаўніка і выхаваўцу Уладзімера Андрээвіча Калесніка… і хочацца верыць, што яму не сорамна за нашую творчую сябрыну.” А сябрына і сапраўды паважная:  Алесь Белы, Ніна Мацяш, Ярына Дашына, Мікола Аляхновіч, Мікола Пракаповіч, Зінаіда Дудзюк ды іншыя. Асобны раздзел “Памяць” прысвечаны тым, хто пакінуў гэтую зямлю назаўжды, але працягвае жыць у памяці землякоў, працягвае размаўляць моваю сваіх лірычных герояў. Гэта Мікола Засім, Яўгенія Янішчыц, Васіль Сахарчук, Васіль Гадулька…

Прыемна зазначыць, што даўно пахаваная пад архіўным пылам традыцыя выдання рэгіянальных літаратурных альманахаў, здаецца, паволі вяртаецца да нас. У 2006 годзе ў Гомелі ўбачыў свет літаратурны альманах “Святло шчымлівай памяці”, зараз – “Жырандоля” на Берасцейшчыне. Прычым, на вокладцы ненаўмысна пазначана нумарацыя: №1, 2008. Гэтыя выданні і сапраўды нясуць людзям шчымлівае святло  надзеі і прыгажосць. А яшчэ вучаць ганарыцца сваім краем, сваёй маленькай радзімай, якая так таленавіта і пранікнёна апісваецца творцамі-землякамі.