Журы «Экслібрысу» запрашае да ўдзелу — погляды і парады Алы Брадзіхінай

УМОВЫ ЎДЗЕЛУ Ў КОНКУРСЕ ТУТ

Ала, як Вы прыйшлі да даследаванняў інтымнай лірыкі? Чым і чаму вас зацікавіў менавіта гэты пласт? З чаго ўсё пачалося?

Пачынаецца ўсё з любві, як вядома. Калі сур’ёзна, то ўпершыню з навуковага боку я зацікавілася інтымнай лірыкай яшчэ ў студэнцкія часы, будучы зусім маладым даследчыкам. Як ні дзіўна, такая плённая тэма ўяўляла сабой белую пляму на літаратуразнаўчай мапе, бо ў савецкі час любоўныя вершы нярэдка ўспрымаліся “буржуазным забабонам”, а іх аўтараў ушчувалі за “дробязнасць тэматыкі”. Рэаліі постсавецкага часу ўжо не патрабавалі ад паэтаў “ідэалагічна бездакорнага іміджу”, тым не менш літаратуразнаўцы не спяшаліся асвойваць гэты пласт лірыкі. Выснова напрошвалася сама.

Якія імёны Вы хацелі б асабліва адзначыць?

Выбар даволі складаны, бо, за рэдкім выключэннем (паэзія Ф. Багушэвіча, Цёткі, А. Разанава, да прыкладу), інтымныя вершы ёсць у творчасці ледзьве не кожнага паэта. Калі прадставіць мой суб’ектыўны топ-5, то няхай гэта будуць М. Багдановіч, У. Дубоўка як прыхільнік “чыстага, безабароннага хараства” жанчыны, Я. Янішчыц, Р. Баравікова і В. Куртаніч (маю на ўвазе найперш яе зборнік “Валавуд” з яго магутнай энергетыкай).

Якія адрозненні Вы бачыце ў жаночай і мужчынскай інтымнай лірыцы?

Я не прыхільнік падзелу паэзіі на мужчынскую і жаночую, але ў дачыненні да інтымнай лірыкі пэўная розніца ў гэтых дзвюх плынях насамрэч існуе. Скажам, любоўныя вершы мужчын нярэдка поўняцца партрэтнымі дэталямі аб’екта свайго захаплення, жанчыны засяроджаны на словах і ўчынках абранніка, паэткі рэдка аперыруюць імёнамі, паэты-мужчыны, наадварот, схільныя не толькі апяваць імя каханай, але і ствараць на яго аснове арыгінальныя метафары. Так бы мовіць, ідылічныя любоўныя вершы ў большай ступені ўласцівы мужчынам і мала харэктэрны для жаночай паэзіі.Адрозненняў шмат.

Ала Брадзіхіна. Фота з асабістага архіву спадарыні Алы

Як Вы ставіцеся да папулярных зараз маладых аўтараў, якіх яшчэ завуць “голасам пакалення”, і да іх бачання інтымнай лірыкі?

Прыхільна стаўлюся. І да герметычных вершаў, і да адмаўлення залішняй пафаснасці, і да эксперыментаў. Урэшце, гэта адлюстраванне светаўспрымання сучаснага чалавека ці, як мінімум, аднаго з сённяшніх пакаленняў.

Якія тэмы больш за іншыя цікавяць Вас як літаратуразнаўцу?

Сучасны літаратурны працэс, кампаратывістыка, філасофская лірыка. Бачу перспектыву ў даследаванні гісторыі інтымнай лірыкі. Хацелася б перагледзець у гэтым аспекце творчасць нашых класікаў.

Што Вы можаце параіць маладым крытыкам -- удзельнікам конкурсу «Экслібрыс»? Як правільна выбраць тэму для напісання артыкула і з чаго ўвогуле пачаць?

Галоўнае – верыць у свае сілы. Алгарытм напісання артыкула – рэч не ўніверсальная. Ён залежыць ад спосабу мыслення канкрэтнай асобы. Нехта пачынае з агульнай ідэі або назвы, іншы адштурхоўваецца ад матэрыялу, які сам у працэсе напісання артыкула выводзіць даследчыка на пэўныя ідэі. Магу параіць удзельнікам пісаць пра тое, што іх насамрэч цікавіць. Дбаць не толькі пра змест, але і форму.

Гутарыла Алена Босава, для lit-bel.org