Журы «Экслібрысу» запрашае да ўдзелу — Ірына Шаўлякова дзеліцца досведам

Чаму вы аднойчы вырашылі прысвяціць частку свайго жыцця даследаванням у галіне літаратуры?

Рашуча не магу адшукаць “ля вытокаў” сваіх літаратуразнаўчых штудый колькі-небудзь пэўных намераў прысвяціць нечаму сваё жыццё. Хутчэй, здарылася супадзенне кантэксту (хто вучыўся на філфаку ў часы дэканства Алега Антонавіча Лойкі, той зразумее) і абставін, прычым не такіх ужо й выпадковых. Наўрад ці выпадкова выкладаў у той час на філфаку Ігар Мікалаевіч Запрудскі. Менавіта з яго не такой ужо лёгкай рукі курсавая праца першакурсніцы па “Сівой легендзе” Уладзіміра Караткевіча сталася артыкулам у часопісе “Першацвет”.

Неўзабаве пасля літаратуразнаўчага дэбюту Ігар Запрудскі параіў паспрабаваць напісаць рэцэнзію на кнігу Сяргея Дубаўца “Практыкаванні”; мой крытычны дэбют апублікавала газета “Культура”. Такім чынам я аказалася літаральна выштурхнутай у тагачасную літаратурна-крытычную прастору, якая і сёння мне бачыцца вірлівай.

Якія тэндэнцыі ў сучаснай літаратуры вам асабліва імпануюць?

Як чытач-кнігаман я адчуваю вялікую ўдзячнасць з нагоды своеасаблівага вяртання сусветнай літаратуры да “вялікіх гісторый”, выкшталцонай сюжэтнай нарацыі, што ў ліку іншага азначае прадказальна непрадказальную эвалюцыю раманнага жанра.

Як чытачу прафесійнаму мне імпануе дыфузійнасць – адна з ключавых тэндэнцый, што вызначаюць агульны паэталагічны ландшафт сучаснага мастацтва слова. Сённяшні пісьменнік вызваляецца ад неабходнасці “адпавядаць” – наказам традыцыі, выбрыкам наватарства, чаканням публікі. Мабыць таму сустрэча канцэптаў, ідэй, жанраў, стыляў у лепшых творах беларускіх літаратараў сёння вынікам мае не каталагізацыю ўсіх магчымых прыёмаў і тэхнік пісьма ў адным тэксце, як здаралася ў бурапенных 1990-х, а цалакам жыццяздольную, насамрэч новую мастацкую рэальнасць.

Мне падабаецца, што ў беларускай літаратурнай прасторы 2000-х – 2010-х гадоў гэта новая рэальнасць так натуральна адчувае сябе ў строях беларускага варыянту магічнага рэалізму. Так, катастрафізм, апакаліптычнасць, скептыцызм у розных яго адгалінаваннях-версіях (творах В. Казько, Ф. Сіўко, С. Рублеўскага, У. Сцяпана, С. Дубаўца, Б. Пятровіча, Л. Рублеўскай, А. Бахарэвіча, А.-Ф. Брыля, С. Балахонава і інш.) нярэдка пераважаюць чаканы (“карункавы”) аптымізм. І ўсё ж гэта міфалагізацыя мастацкай свядомасці ў кантэксце разнастайных ідэнтыфікацыйных працэсаў мне бачыцца абяцаннем важкіх і важных прарываў для беларускага мастацтва слова.

Удзельнікі конкурсу зараз працуюць над сваімі даследаваннямі. Якую тэму вы парэкамендавалі б маладым даследчыкам і чаму? Якія нішы ў літаратуразнаўстве вы адзначылі б як найбольш перспектыўныя?

Для глыбокага, дасведчанага і апантанага даследчыка кландайкам навуковай навізны можа быць праблематыка, якая многім нават абазнаным у літаратурных доследах людзям падаецца разробленай ўздоўж і ўпоперак (эталоннай у гэтым плане мне падаецца навуковая спадчына Генадзя Васільевіча Кісялёва).

Калі ж кіравацца рэзонамі дастатковасці і неабходнасці, то найменш распрацаваным і надзвычай цікавым у беларускім літаратуразнаўчым дыскурсе мне падаецца праблемнае поле сацыялогіі літаратуры.

Вялікія магчымасці менавіта для маладых даследчыкаў утрымліваюць, на мой погляд, доследы, звязаныя з асэнсаваннем стасункаў новай інфармацыйнай рэальнасці і нацыянальнай літаратуры (напрыклад, уплыў медыятызацыі сацыякультурнай прасторы на развіццё прозы, паэзіі, крытыкі, эсэістыкі, драматургіі).

Нейкую абвостраную актуальнасць апошнім часам набываюць даследаванні, звязаныя з тэарэтыка-метадалагічнымі пошукамі ў сферы літаратуразнаўства, а таксама з вызначэннем найбольш агульных заканамернасцей літаратурнага развіцця.

Што б вы, як дасведчаны даследчык у галіне літаратуры, маглі сказаць аўтарам-пачаткоўцам, якія, магчыма, не вельмі ўпэўнены ў сваіх сілах?

Асабіста я маю больш ці менш выразнае ўяўленне пра два выйсці з сітуацыі няўпэўненасці.

Першае: не пераймацца наконт таго, каб чамусьці адпавядаць, быць заўважаным ці быць “выдатнікам”. Па вялікім рахунку, гэта азначае не пераймацца наконт знешніх ацэнак, атрымліваць задавальненне выключна ад самаго пошуку і давяраць выключна сабе.

Другое выйсце: варта пераймацца наконт усяго – і наконт працэсу, і наконт выніку; варта цаніць азарэнні і вучыцца знаходзіць задавальненне ў рэчах руцінных.

Калі сваіх сіл на гэта не хапае, важна мець дарадцу, які растлумачыць, як важна даследчыку ўмець сумнявацца, у тым ліку – ва ўласных магчымасцях. Адны такіх дарадцаў-настаўнікаў шукаюць, іншыя – чакаюць. Мне проста на іх шанцуе.

Алена Босава, для lit-bel.org