Змагарныя дарогі Кастуся Акулы

Кастусь Акула — беларус з Канады. Карціна Віктара Маркаўца 

Кастусь Акула (да эміграцыі Аляксандр Качан) нарадзіўся 16 лістапада 1925 года ў заходнебеларускай вёсцы Верацеі Дзісненскага павета Віленскага ваяводства (цяпер Крулеўшчынскі сельсавет Докшыцкага раёна на Віцебшчыне). Падчас нямецкай акупацыі настаўнічаў, з вясны 1944 года — курсант Мінскай афіцэрскай школы БКА. З лета 1944 года на эміграцыі. Ваяваў у складзе 2-га польскага корпуса Брытанскай арміі. У 1946—1947 гадах жыў у Вялікабрытаніі. Браў удзел у заснаванні Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. У чэрвені 1947 года пераехаў у Канаду. У Канадзе рэдагаваў газету «Беларускі Эмігрант», часопіс «Зважай» (1974—1997).

У эміграцыі былі напісаныя і выдадзеныя празаічныя і мемуарныя творы Кастуся Акулы. Асноўнымі з іх былі раман “Змагарныя дарогі” (Торонто—Мюнхэн: выданьне аўтара, 1962) і раман-трылогія “Гараватка”: “Кн. I. Дзярлівая птушка = The Bird of Prey: Byelorussian novel. — Таронта, 1965”, “Кн. II. Закрываўленае сонца = The Red Sun. — Таронта: выдавецтва «Пагоня», 1974”, “Кн. III. Беларусы, вас чакае зямля = Byelorussians, the soil is yours. — Таронта: выдавецтва «Пагоня», 1981”.

Памёр Кастусь Акула 29 студзеня 2008 года ў канадскім Таронта.

"...Калі, спадзяюся, некалі мае думкі выклічуць згадкі ці хваляваньні ў каторага нашага суродзіча, дык запрашаю наведаць сьвятыню маей адзіноты ...Сядзьце побач, падумаем, паразважаем. Зь якога, дазвольце спытаць, вы году й каторага стагодзьдзя? Прызнаюся вам, люблю зьвяртацца да тых, што пасьля прыйдуць. Ці мала хто мяне, за маю пісаніну, дзіваком лічыць. Вы, пэўне-ж, з адлегласьці часу, інакш мяне разумееце. Апроч таго, у вас яшчэ адна выгада: празь мяне вы можаце зазірнуць у мой сьвет, а я ў ваш аніяк не магу, бо вы йдзеце пасьля мяне, значыцца ў нейкай меры будзеце й прадуктам такіх, ці падобных, як я. Таму, каб пазнаць сябе, вы будзеце намагацца пазнаць нас, папярэднікаў, так, як і мы намагаліся пазнаць сваіх прашчураў..." 

Кастусь Акула

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"