Змітру Бартосіку – 45!

Зміцер Бартосік. Фота Алены Казловай

Шаноўны Зміцер Валер'евіч! Шчыра віншуем Вас са святам і зычым моцнага здароўя, дабрабыту, шанцунку ва ўсіх справах, плённай творчай дзейнасці, радасці і толькі выдатных навінаў кожны дзень Вам і Вашым блізкім!

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" 

Развітанне з Вільняй

Такія месты проста так не пакідаюць.
З іх адыходзяць з Богам хто, а хто з баямі.
За іх галовы і паэмы ім складаюць,
Мне ж толькі гонар развітацца выпадае.

Да пабачэння, гаспадыня, пані Вільня.
Я зразумею Вас ужо без перакладу.
Я шмат казаў, а ўсё ж мы не дагаварылі.
Do zobaczenia, До свиданья, Viso gero.

Бягу з падмосткаў антыкварных тратуараў.
За домам дом, за храмам храм здаю без бою.
Ўздоўж дэкарацыяў ўсечасавага тэатра,
Дзе не сыграў ні акупанта, ні героя.

Да пабачэння, вельмі стары Стары горад,
Людзей вялікіх і падзей маўклівы сведка.
І не адзінага ты памятаеш Бога,
І Бог вайны цябе прыгадваў нярэдка.

Мне ўжо не зблытацца у пошуку святыні,
Якой маліцца ў час падзякі ці навалы.
Мне верыць нельга, але верце – будзе скінуты
Мой капялюш за сотні міль ад Вострай Брамы.

Да пабачэння, праважаць мяне не трэба.
Мне ўжо не збіцца ў лабірынце тых завулкаў.
Але на ўсё жыццё застанецца патрэба
Прайсці той шлях у адваротным накірунку.

Хай не хапаў я зорак з віленскага неба,
І пры ад'ездзе маю не геройскі выгляд,
Але на старасць ёсць для выхваленняў тэма,
Што і ў маім жыцці быў Віленскі перыяд.

2008

Зміцер Бартосік

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"