Знайшліся першыя аўтографы Сяргея Палуяна

Сяргей Палуян.

Жыццё яго абарвалася на дваццаць першым годзе, аднак след быў пакінуты настолькі светлы, што “вечна жывым” назваў яго Максім Багдановіч, паэму “Курган” прысвяціў Палуяну Янка Купала, а Ядвігін Ш. – знакаміты верш у прозе “Раны”. Будучы на пабыўцы ў Рэзідэнцыі маладога літаратара вясной 2014 года і працуючы ў віленскіх архівах, удалося натрапіць на некаторыя згадкі пра Сяргея Палуяна ў Літоўскім цэнтральным дзяржаўным архіве.

Тая невялiкая частка архiва «Нашай Нiвы», якая знаходзiцца ў ЛЦДА, збольшага датуецца 1909 годам. Год гэты — пераходны для рэдакцыi i для ўсёй беларускай лiтаратуры. Найпершым яго дасягненнем падаецца адваяванне для друку вершаў Максiма Багдановiча, якiя выцягнуў з архiва Сяргей Палуян (1890–1910), малады публiцыст i крытык. Iмя яго ведае кожны студэнт фiлфака, аднак калi ён зазiрне ў невялiкi аднатомнiк Палуяна «Лiсты ў будучыню» i ўважлiва прагледзець каментарыi, то ўбачыць, што ўсе тэксты крытыка друкуюцца выключна паводле першадрука, нiводнага лiста не знойдзена, i, больш таго, няма нават нiводнага аўтографа гэтага яркага нашанiўца.

Таму не дзiва, што я быў проста агаломшаны, калi ўбачыў сярод паштовак у рэдакцыю дзве, падпiсаныя «Полуян». Тым не менш яны адразу спарадзiлi i пэўныя загадкi. Вось тэкст першай паштоўкi:

“Пасылаю Вам сягоньня колькi рэчэй: «Мэта нашай культуры» дый тры тлумачэньня с К. Тэтмаера. Нiяк не магу ўцямiць, чаму ня хочэце прыслаць № 41. Дабiўся ўжо таго, што дэкляравалi мне прыслаць — а тым часам як нiма, так i нiма. Цi у Вас ужо гэткая канцэляршчына, што без хабароў нiчога ня можна зрабiць? У «Просьвiту» (Одесса, Сафiевская ул. Бюро Украiнскаго Тав. «Просьвiта») пашлiце варункi прадажы Н[ашай] Нiвы дый свiдзецельства агэнтуры. Манька дзякуе за тое, што Гэнрык прыслаў. Шкада, што ў Вiльнi не прылажылi печаткi — цяпер будзе трохi клапотаў. За сьвiдзецельства — вельмi дзякую

С. Полуян”

Край паштоўкi абарваны, аднак паводле штэмпеля можна ўстанавiць, што даслана яна была з Адэсы 24 лiстапада 1909 года. Такiм чынам, Палуян знаходзiўся ў Адэсе па службовым заданнi «Нашай Нiвы» — каб пашырыць кола падпiсчыкаў, а таксама знайсцi агентаў-распаўсюднiкаў газеты. Спрабаваў ён гэта зрабiць праз разгалiнаваную сетку вядомага ўкраiнскага культурна-асветнiцкага таварыства «Просьвiта». Таямнiчае «Манька дзякуе за тое, што Гэнрык прыслаў» можа азначаць нейкую вестку пра Язэпа Манькоўскага. «Гэнрык» — безумоўна, вядомы псеўданiм Антона Луцкевiча «Генрык Букавецкi». Пацвярджае думку пра Манькоўскага i тое, што неўзабаве пасля атрымання паштоўкi рэдакцыяй у «Нашай Нiве» за 1909 год, у № 50, змешчаны пераклад празаiчнай мiнiяцюры Тэтмаера «Суд» за подпiсам Янкi Оклiча — Язэпа Манькоўскага (такую думку выказала ў асабiстай гутарцы даследчыца Таццяна Вабiшчэвiч, за што выказваю ёй падзяку.).

Такiм чынам, Палуян выступае пасярэднiкам памiж Манькоўскiм i рэдакцыяй — перасылае ягоныя пераклады, а таксама запэўны дакумент, выдадзены Манькоўскаму. Якi характар мае дакумент — можна толькi здагадвацца. Вельмi верагодна, што вядзецца тут пра партыйныя справы, якiя Палуян не жадае агучваць у мэтах канспiрацыi.

Другая паштоўка напiсаная тым жа почыркам i паказвае, што пашырыць «Нашу Нiву» праз «Просьвiту» не атрымалася:

“11/ХII-09

Прышлiце 3 календ. (2 дзеля прадажы i 1 — мне). За якi месяц напэўна ўжо буду ў Вiльнi, тады i грошы аддам. З агэнтурай «Просьвiцi» нiчога ня выйшла, бо зачынiлi хаўрус украiнцаў. Прысылайце толькi хутка, дзеля таго што грошы за тые календары я ўжо атрымаў. Каляды ўжо надыходзяць — дык усiм шчырые жаданьня ўсяго найлепшаго. Майму дабрадзею (С. Пол.) асобна пасылаю прывiтаньне.

Полуян”

Тут узнiкае i загадка, i пэўны недавер да Палуянава аўтарства. Прывiтанне, перададзенае таямнiчаму «С. Пол.», па першым наблiжэннi ўказвае якраз на Сяргея Палуяна. Аднак жа, ясная рэч, не можа Сяргей Палуян перадаваць прывiтанне самому сабе. Тады хто хаваецца за крыптанiмам «С. Пол.»? Можа, тады нельга атрыбутаваць паштоўкi як Палуянавы? На жаль, за адсутнасцю вядомых аўтографаў, спраўдзiць почырк i высветлiць гэта немагчыма. Аднак i iншы «ўкраiнскi Палуян» — нашанiвец даследчыкам невядомы. Т. Вабiшчэвiч адзначае, што ва ўспамiнах Цiшка Гартны згадваў пра тэхнiчнага супрацоўнiка рэдакцыi «Нашай Нiвы» Сцяпана. Магчыма, Палуян i перадае калядныя прывiтаннi якраз гэтаму супрацоўнiку, чыйго прозвiшча мы пакуль не ведаем. Як супрацоўнiк «нiжняй палаты» рэдакцыi ён быў блiзкi да тэхнiчнага працэсу ў рэдакцыi i мог сябраваць са згаданым Сцяпанам.

Так цi iнакш, загадкi ў гэтых дзвюх паштоўках застаюцца. Найперш — што за артыкул «Мэты нашай культуры» маецца на ўвазе, хто такi «С. Пол.» і чым менавiта займаўся напрыканцы 1909 года ў Адэсе Сяргей Палуян. Ёсць вялікая верагоднасць, што знойдзеныя паштоўкi напiсаныя менавіта ягонай рукой.

 

Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org

(Цалкам тэкст пра аўтографы «нашаніўцаў» можна прачытаць у №6 альманаха “Асоба і Час”).