Зоську Верас успомнілі ў Бабруйску

Імпрэзу распачаў галоўны рэдактар «Бабруйскага кур’ера», сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Анатоль Санаценка. Ён прадставіў аўдыторыі гасцей мерапрыемства – паэта Міхася Скоблу (таксама сябра СБП) і барда Таццяну Грыневіч-Матафонаву.

Сп. Міхась з’яўляецца складальнікам кнігі, якая прысвечана выдатнай беларускай паэтцы, перакладчыцы, выдаўцу і моваўзнаўцы Зосьцы Верас. Менавіта аб кнізе «Успамінаў і лістоў», а таксама пра жыццёвы шлях яе гераіні Мiхась Скобла распавёў бабруйчанам.

– Зоська Верас сымбалічна вярнулася ў Бабруйск на старонках кнігі мемуараў, – кажа сп. Скобла. – Яна пражыла амаль сто год (1892-1991) і завітвала ў ваш горад сто год таму, калі тут працаваў яе першы муж Фабіян Шантыр. Фабіян распачаў беларусізацыю бабруйскага гарнізону. Жонка дапамагала яму ў гэтым. У лістах, якія яна дасылала шматлікім знаёмым, знайшлося багата згадванняў пра той перыяд, пра яе лекцыі ў Бабруйску. Савецкая ўлада абарвала той шчаслівы перыяд у жыцці ўлюбёных.

У 1920-м Шантыр быў расстраляны і знішчаны па палітычных матывах. Ён так і не пабачыў сваго сына… Зоська Верас працягнула іх агульную справу. Пад яе кіраўніцтвам выходзілі часопісы на роднай мове, яна склала слоўнік з батанічнымі назвамі, якім захапляўся Якуб Колас. Лепшай сяброўкай спн. Верас была знакамітая паэтка Ларыса Геніюш. Жанчыны пісалі адна адной па два лісты ў дзень…

Сп. Скобла адзначыў, што гэтыя сяброўкі сталі ўзорам таго, як трэба шанаваць роднае. Яны змянілі светапогляд вялікай колькасці людзей і прывялі іх да беларускай мовы… Дарэчы, такія людзі ёсць і ў Бабруйску. Калі сп. Міхась прапанаваў гасцям імпрэзы перакласці колькі складаных батанічных назваў з расейскай на родную мову – адказы гучалі з усіх бакоў. Назвы правяраліся па кнiзе Зоськi Верас. Колькасць правільных адказаў і глыбіня ведаў гараджан уразілі пiсьменнiка. Напрыканцы вечара перад гасцямі выступіла спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава. «Яе аблічча вельмі нагадвае Зоську Верас у маладосці,» – зазначыў сп. Скобла. Менавiта таму яна сыграла паэтку ў дакументальнай стужцы ад канала «Белсат».

Спн. Таццяна таксама з’яўляецца аматаркай творчасці знакамiтай паэткi. Яна выканала песні на вершы паэтаў – сябраў выдатнай мовазнаўцы. Прагучалі «О, Беларусь, мая шыпшына», «Зорка Венера», «Дробненькі дожджык»і шмат іншых.

Бабруйчане падхоплівалі знаёмыя з дзяцінства радкі, спявалі разам… Вечар скончыўся доўгімі авацыямі і вершам Міхася Скоблы «Мова, удыхнутая ў нас, як душа…».

Паводле: Александрына Глаголева, babruysk.by