Зварот да гісторыі экспазіцыі музея Багдановіча

Музей пачаў стварацца ў 1981, адчыніўся да 100-годдзя ў Менску – у 1991 годзе. Аснову фондаў музею склалі зборы бібліёграфа Ніны Ватацы і экспанаты, перададзеныя сваякамі паэта ды сабраныя супрацоўнікамі падчас шматлікіх экспедыцыяў. Алесь Бяляцкі стаў дырэктарам музею ў 1989 годзе і працаваў да жніўня 1998 года.

Што адбылося цяпер? Чаму музей не працуе больш за 2 гады? Што такога “несучаснага” было ў экспазіцыі музея, што яе трэба было ламаць і выкідваць?

У кожнай зале былі экспанаты-сімвалы, якія фармавалі прастору. У першай зале такім экспанатам-сімвалам быў ручнік, які вышывала маці паэта, у другой зале -- Слуцкі пас, у апошняй – гадзіннік, які адлічыў апошнія хвіліны зямнога жыцця Максіма Багдановіча.

Экспазіцыя мела свае таямніцы і непаўторныя асаблівасці. Напрыклад, візуальны эфект у зале 2 "Старая Беларусь", стылізаванай пад сярэднявечную капліцу, -- выявы беларускіх адраджэнцаў і асветнікаў. Паміж 2 залай і 5 залай, якая мела назву "Смерць паэта. Няздзейсненыя спадзяванні" -- ніша са Слуцкім пасам. І калі з сярэдзіны залы глядзіш, то бачыш, як праз нішу да шэрагу адраджэнцаў далучаецца партрэт Максіма Багдановіча з 5 залы, ён быццам лунае ў паветры.

Калі рыхтавалася экспазіцыя музея Максіма Багдановіча і яго філіі "Беларуская хатка", то Менская шпалерная фабрыка адмыслова зрабіла на замову шпалеры па ўзору пачатку 20-га стагоддзя, знойдзеных у доме, дзе жыў Максім Багдановіч у Менску апошнія шэсць месяцаў перад ад'ездам у Ялту (філія музея "Беларуская хатка"). Усё падбіралася да дробязяў, каб перадаць атмасферу часу. А сама гісторыя "Хаткі"? Дом намаганнямі інтэлігенцыі ўратаваны быў ад руйнавання -- яго перанеслі нават з адной вуліцы на другую, каб захаваць…

Захаваць, адбудаваць, каб потым знішчыць пад выглядам рамонту з “выкарыстаннем сучасных матэрыялаў”.

Як пісаў Максім Багдановіч, "няма таго, што раньш было"...

Зала 2 "Старая Беларусь", стылізаваная пад сярэднявечную капліцу. Выявы беларускіх адраджэнцаў і асветнікаў

Фрагмент дэмантаванай экспазіцыі ў музеі Багдановіча – Слуцкі пас і муляж Статуту Вялікага Княства Літоўскага. У зале 2, якая мела назву "Старая Беларусь"

Экспанат-сімвал -- ручнік, які вышывала маці паэта

Пятая зала -- “Няздзейсненыя задумы. Смерць паэта”. Экспанат-сімвал -- гадзіннік, які адлічыў апошнія хвіліны зямнога жыцця Максіма Багдановіча  

Ліст ад Алеся Бяляцкага з турмы. На канверце выява Музея Максіма Багдановіча

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя