З’явіўся 52-і нумар “Дзеяслова”

З друку выйшаў
вясенне-летні нумар часопіса “Дзеялоў” за 2011 год. Выданне змяшчае празіачную,
паэтычную і крытычную творчасць як беларускіх, так і замежных літаратараў.
Празаічны раздзел выдання прадстаўлены працягам мастацкіх нататкаў Леаніда Дранька-Майсюка “У Вільні і больш нідзе”, заканчэннем рамана Віктара Карамазава “Мастак і парабкі”, а таксама прыпавесцямі Галіны Каржанеўскай, Сяргея Календы і Ігара Сідарука.
Сваім паэтычным набыткам апошняга часу з часопісам падзяліліся Фелікс Баторын, Юрась Пацюпа, Алесь Емельянаў-Шыловіч, Валер Дубоўскі ды Алесь Вярцейка.
Дэбютантамі ў нумары выступілі паэты Алесь Плотка і Юлія Цяльпук, таксама Наталля Ярмольчык з апавяданнем “Блог анёла”.
Сярод твораў замежных аўтараў у перакладзе на беларускую прадстаўленае апавяданне ізраільскай пісьменніцы Алоны Кімхі (перакладчык Павел Касцюкевіч), а таксама вершы пяці сучасных расійскіх паэтаў, перакладчыкамі якіх выступілі Вольга Гапеева, Жэня Гордан, Зміцер Вішнёў і Вера Бурлак.
У рубрыцы Крытыка Аляксей Рагуля звяртаецца да прозы Генрыха Далідовіча, Яўген Лоцка малюе творчы партрэт Вячаслава Адамчыка, а Ірына Шаўлякова разглядае культурна-камунікацыйныя перспектывы найноўшай беларускай літаратуры.
У “Кнігапісе” Барыс Клейн разважае над кнігай Сяргея Шапрана “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця”, а Леанід Галубовіч змяшчае свае нататкі пра паэтычны зборнік Славаміра Адамовіча “Рым”.
Акрамя таго, у новым нумары выдання – гутарка Андрэя Масквіна з Сяргеем Законнікавым, а таксама Кацярыны Безмацерных з мастакамі Таццянай Радзівілкай і Канстанцінам Селіханавым ды эсэ Рыгора Сітніцы да 65-годдзя Уладзіміра Някляева.
Набыць часопіс “Дзеяслоў” у Мінску можна ў кнігарнях “Акадэмкніга”, “Кніжны салон”, “логвінаЎ”, у інтэрнэт-кнігарні knihy.by, а таксама ў прыватных распаўсюднікаў.
Прэсавая служба СБП