«Зязюля пракукуе заўтра…» — кніга выбраных твораў Анатоля Кудраўца

У зборнік увайшлі выбраныя апавяданні і аповесць “Развітанне”, што раскрываюць стылістычную каларыстыку, грамадзянскую актуальнасць і багаты змест твораў Анатоля Кудраўца.

Анатоль Кудравец — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа (1986), літаратурнай прэміі “Залаты апостраф” часопіса “Дзеяслоў” (2012), быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. З’яўляецца аўтарам не менш як дзесяці празаічных кніг.

“Вясна, як і хвароба, пачынаецца з прадчування. Яшчэ на дварэ мароз, быццам зіма ў самай сіле ці нават набірае разгон, хапнеш раніцай носам паветра — і закіпяць на вачах слёзы. І снег валіць — машыны не паспяваюць вывозіць за горад. А падыдзеш да акна, зірнеш на шэрае з прозеленню неба, на вугал суседняга дома, — снег ля яго асеў, закрамянеў ад сонца, — і нешта варухнецца ўсярэдзіне: вясна, яшчэ адна вясна…” (з “Успаміну пра шэршня”).

Шукайце кнігу Анатоля Кудраўца ў кнігарнях Мінска і абласных беларускіх гарадоў.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"