Аўдыёкніга “Суперкніга пра Біла з Болай” цяпер і ў сеціве! (Слухаць!)

Дыск “Суперкніга пра Біла з Болай”, які летась выдаў Саюз беларускіх пісьменнікаў, цяпер дасяжны для бясплатнага праслухоўвання. Аўдыёкнігу пра Біла з Болай агучылі акторы Павел Харланчук і спявачка Ганна Хітрык. Для найвядомейшай кнігі Гунілы Бэргстрэм Ганна Хітрык запісала і адмысловае музычнае суправаджэнне.

У хлопчыка Біла з’яўляецца маленькая сястрычка Бола — нагода для радасці, весялосці і гонару. Але час ідзе, і паступова сям’я пачынае разумець, што з Болай адбываецца нешта не тое, яна зусім не размаўляе. Кніга ў вершаванай форме распавядае пра жыццё маленькай дзяўчынкі, якая ніколі не будзе як усе. Пра звязаныя з гэтым радасць і гора, надзею і роспач. Пра тое, наколькі мы гатовыя жыць побач з тымі, хто не падобны да нас. Але найперш гэтая кніга пра любоў і здольнасць прымаць.

“Суперкнігу пра Біла з Болаю” Гунілы Бэргстрэм падрадкова пераклалі на беларускую мову Надзея Кандрусевіч і Алеся Башарымава, а таленавіты беларускі паэт Андрэй Хадановіч зрабіў так, каб пераклад загучаў напоўніцу – эмацыйна і кранальна. У 2017 годзе кніга для дзяцей пабачыла свет у серыі “Каляровы ровар” Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве “Кнігазбор”.




Аўтарка кнігі – шведская пісьменніца Гуніла Бэргстрэм. З 1971 года яна напісала каля 40 дзіцячых кніг, якія сама і праілюстравала. Яна пісала гісторыю Біла і Болы са сваёй уласнай сям’і: у яе двое дзяцей, а ў малодшай дачкі аўтызм.

"Гэтым людзям вельмі патрэбная камунікацыя". Тэрапеўтычныя якасці "Суперкнігі пра Біла з Болаю"

Кнігі пра Біла і Болу – класіка шведскай літаратуры, яны шырока чытаюцца ў каледжах і навучальных установах. Паводле іх знятыя анімацыйныя фільмы і зробленыя тэатральныя пастаноўкі. А ў 2012 годзе на кніжным кірмашы ў Гётэборгу Гуніле Бэргстрэм уручылі залаты медаль “за новы падыход у напісанні і афармленні дзіцячай кнігі з бездакорным адчуваннем дзіцячага светапогляду”.


Будзьма беларусамі!