Навіны

abdziralovic.by

У канцы верасня пад назвай "Абдзіраловіч" у Менску адбыўся фестываль ідэй, а ў сеціве пад такой назвай днямі запрацаваў онлайн-часопіс. І гэта толькі пачатак, кажа адзін з ініцыятараў варушэння філосаф і пісьменнік Ігар Бабкоў.


Хто такі Абдзіраловіч

Ігнат Абдзіраловіч (Канчэўскі, 1896-1923) — беларускі філосаф, паэт і публіцыст з Вільні. Яго найважнейшым творам лічыцца эсэ "Адвечным шляхам", у якім ён сфармуляваў для беларусаў задачы і праблемы цывілізацыйнага выбару і далейшага развіцця. Пражыў усяго 27 гадоў.

"Мыслярам, літаратарам, паэтам, няма месца"

Адбываецца варушэнне вакол "Беларускага калегіюму", вы пачалі сур’ёзна піярыць праект "Абдзіраловіч". І сайт, і сустрэчы пад гэта назвай. А што гэта, насамрэч, такое?

— Мне і самому цікава, што адбываецца. У мяне ёсць тры тлумачэнні: канспіралагічнае, палітэканамічнае і паспаліта-філасофскае. З якога пачаць?

Пачынайце з канспіралагічнага. Яно найбольш таямнічае і імгненна затрымае ўвагу чытача на нашай гутарцы.

— Пару гадоў таму ў Менску ўтварылася новая масонская ложа з вялікім магістрам Акудовічам.

Даруйце, але магістрам масонскай ложы з'яўляецца Сяргей Дубавец.

— Дубавец вялікі магістр іншай масонскай ложы, вялікай і сур’ёзнай. А гэтая масонская ложа называецца "Абдзіраловіч", яна выбрала вялікага магістра, якога "няма" і пачала сваю падрыўную дзейнасць. І цяпер мы назіраем вынікі гэтай дзейнасці.

Цяпер наконт палітэканамічнай версіі. Нейкі час таму я заўважыў, што маіх сяброў, а гэта пераважна інтэлектуалы, татальна пачалі звальняць з іхных працаў. Ім не казалі, што ў вас, маўляў, няма кваліфікацыі і таму мы вас выкідаем. Ім наадварот казалі, што ў вас, маўляў, вельмі моцнае мысленне, народ вас не зразумее, бо нам патрэбныя лайкі, колькасныя паказнікі. Я б назваў гэтую падзею контррэвалюцыяй менеджараў. Яна звязаная з канцом неаліберальнай эпохі, калі ўсе гэтыя героі, якія стаяць каля стырна, зразумелі, што "Тытанік" ідзе на дно і шлюпак на ўсіх ня хопіць. А першыя, каго можна беспакарана выкінуць за борт гэта, канешне, інтэлектуалы, універсітэцкая прафесура, усе гэтыя разумныя, пра каго ніхто ня будзе асабліва шкадаваць. Іх працу, маўляў, зробяць алгарытмы або штучны інтэлект. Мыслярам, літаратарам, паэтам, няма месца.

Трэцяя версія філасофская, яна самая аптымістычная і яна звязаная з Абдзіраловічам. Абдзіраловіч — гэта "нябесны апякун" беларускага мыслення. Ён увесь час заставаўся прысутным, але ў той жа час непрачытаным і няўбачаным, ён чакаў сваёй эпохі. 

Нарэшце надышла эпоха Абдзіраловіча, калі ўсе тыя рэчы, пра якія ён пісаў і казаў, разгортваюцца на нашых вачах.

Мы ўсё будзем рабіць самі, цяпер часы краўдфандынгу, розных платформаў, лакальных дзеянняў. Усё гэта вельмі цікава. Прастора палітычных дзеянняў памерла, вялікая палітыка засталася ў мінулым. Прыйшоў час мікрапалітыкаў, калі прастора змяняецца не франтальнымі наступамі, а гатаваннямі асобных месцаў. Мы назіраем працэс паўставання свайго месца ў беларускай філасофіі і беларускіх мысляроў. І гэтае месца — "Абдзіраловіч", "Беларускі калегіюм".

"За апошнія 15 гадоў адбылася рэправінцыялізацыя Беларусі"

Усё, пра што вы кажаце, ужо было. У 90-я вы самі выдавалі часопіс "Фрагмэнты", перакладаліся замежныя інтэлектуалы, усё віравала. Але потым усё заглухла.

— У 1990-я гады беларускія праекты дэправінцыялізавалі краіну. Калі я гляджу, што абмяркоўвалася ў "Фрагмэнтах", у розных газетах і часопісах, мы ішлі крок у крок з нашымі суседзямі, з Еўропай і светам. Але 2-3 гады таму мы сабраліся і раптам зразумелі, што за апошнія 10-15 гадоў былі ліквідаваныя ўсе набыткі, якія з канца 90-ых здаваліся стабільнай часткай ландшафту. Тое, што адбылося за апошнія 15 гадоў, гэта рэправінцыялізацыя Беларусі.

А хто за гэта адказны?

— Гэта ніяк не звязана з "крывавым рэжымам". Гэта звязана з тым, што Беларусь нарэшце стала часткай глабальнай сістэмы посткамунізму і Еўропы. Але месца, якое нам было адведзенае, гэта месца правінцыі і чорнай дзіркі, а ў чорных дзірках не бывае цікавых платформаў, добрых універсітэтаў і інтэлектуалаў. Нас, беларусаў, "нармалізавалі". Адбылася татальная ліквідацыя. Няма дзе надрукаваць тэкст, няма з кім пагаварыць. Калі мы сядзелі і пілі каву з Максімам Жбанковым, то ён са здзіўленнем кажа: — "Слухай, а ты памятаеш хаця б адзін тэкст за апошнія 10 год, які быў бы глыбокі, цікавы і выклікаў бы нейкае абмеркаванне. Толькі танцы бурбалак, якія расказваюць, колькі стыпендыяў яны атрымалі і якія яны важныя, колькі прададзена асобнікаў. Гэта міла, я стаўлюся да іх з любоўю. А нам ужо за 50, нам ня трэба нічога даводзіць і расказваць, што мы збіраемся рабіць. Мы не згодныя з логікай правінцыялізацыяй краіны. Не дзеля таго мы ў 90-я засноўвалі пляцоўкі, каб цяпер назіраць усе гэтыя рэчы. І з такой логікай не згодныя і 20-гадовыя, і 30-гадовыя".

А што тады сталася з грамадствам, на вашу думку, што цяжэй зацікавіць людзей больш глыбокім тэкстам ці гутаркай?

— Я б, магчыма іранічна, усклаў бы адказнасць на вас. І асабіста, і на ўсіх тых людзей, якія ўсе гэтыя гады хадзілі і расказвалі, што людзям гэта не цікава. Насамрэч, людзям і цікава, і не цікава. Большасць людзей заўсёды спрабуюць улавіць з паветра, што адбываецца. І калі яны чуюць, што людзям гэта не цікава, то ім і не цікава. Калі яны чуюць, што гэта важна, то яны разумеюць, што так, магчыма я нешта не дачытваю, але я хаця б разумею, што гэта важна. Мы сёння дажылі да стану, калі прыбіральшчык у Інстытутах філасофіі і эканомікі АН Беларусі зарабляе больш, чым вядучы навуковы супрацоўнік. Гэта стан нашай сённяшняй сацыяльнасці, а не асабістыя праблемы людзей. Іерархія каштоўнасцяў і важнасцяў. Сёння мы маем плён трыумфалізму неаліберальнай эпохі, якая вырашыла, што людзям цікава і не цікава.

Ігнат Абдзіраловіч з "Адвечным шляхам" гэта абсалютна містычнае і магічнае з'яўленне аднаго з тых свяцільнікаў, за якімі варта ісці. За апошнія 100 гадоў гэты тэкст чыталі, але не рабілі чымсьці важным, амаль не было каму ісці за ім. Гэта наша агульная віна — і інтэлектуалаў, і палітыкаў, і журналістаў. Абдзіраловіч — гэта агеньчык, які мае стаяць на самым бачным месцы.

"Нашыя мэдыяпляцоўкі перапоўненыя танцамі ля-ля-ля ні пра што"

Як вы хочаце данесці да карыстальніка сацсетак, які ставіць сабе на профіль рускі шансон ці поп, здымкі аголеных дзяўчат і пісталеты з машынамі, што гэта ўсё важнае, тое, пра што вы кажаце?

— Першае, што трэба рабіць — ня трэба крыўдзіць і крыўдзіцца. Ня трэба злавацца на эпоху і рэальнасць. Усе гэтыя старонкі Вконтакте, уся гэтая тканіна жыцця, яна мае сэнс таму, што яна ёсць, сваім уласным быццём, якое недастатковае. Уявіце Сакрата, які выходзіць на няшчасны афінскі кірмаш і пачынае размаўляць з прадаўцамі. Філасофія і ўся гэтая велічная традыцыя пачалася з таго, што Сакрат пачынае тлумачыць людзям, што яны чагосьці не ведаюць. Яны хочуць валодаць жыццём, рэчамі, а жыццё сканчаецца смерцю і нічога ў руках утрымаць немагчыма. Яны не разумеюць сэнсу свайго жыцця. Ім толькі здаецца, што яны жывуць. Насамрэч, яны існуюць як зомбі. Гэта загадка феномену жыцця. Мы не разумеем, што мы тут робім. Гэта фантастычна цікавыя і прыгожыя пытанні, якія варта задаваць і калі прайсці міма гэтых тайнаў і загадак, то жыццё можа пражыта і цікава, і прыгожа, але крышачку несвядома.

Людзі цяпер чытаюць навіны ў Твітэры, камунікуюць у Фэйсбуку, лайкаюць здымкі ў Інстаграме. Прачытаць даўжэзны тэкст — гэта катаванне для сучаснага чалавека. А вы ствараеце пляцоўку для мысляроў. Навошта?

— Тое, што вы сказалі — гэта логіка цынічнай мэдыякратыі, якая і прафукала краіну, цывілізацыю і Еўропу. Калі мы кажам пра стан татальнага еўрапейскага крызісу з аўтакратыямі, новымі папулізмамі, то гэта і ёсць вынік працы гэтай цынічнай мэдыякратыі, якая атрымала ў лоб за тое, што яна, аказваецца, ведае, што трэба людзям і якая выключыла і аб’ектывізавала ўсіх астатніх як непатрэбных. Праблема ня ў тым, што тое, што мы робім, нікому не патрэбнае і маргінальнае. Акурат тое, што мы робім, гэта абсалютны мэйнстрым — гэта вяртанне сур’ёзнасці і мыслення. Вяртання ня танцаў, ля-ля-ля ні пра што, якімі напоўненыя ўсе нашыя мэдыяпляцоўкі, а вяртання тых словаў, за якія аўтары адчуваюць адказнасць і за якія аўтар гатовы плаціць сваім жыццём.

Гэта пляцоўка думання менавіта пра Беларусь, ці пра ўвесь свет?

— Гэта беларускае мысленне. Яно можа думаць і пра Еўропу, і пра Платона, і пра Кітай ці беларускую ідэнтычнасць. Але пры гэтым яно беспамылкова апазнаецца як беларускае. Не таму, што гэта беларуская мова, а таму, што ёсць суб’ектнасць, адразу робіцца ясна адкуль паўстае гэты голас, адкуль паўстае запытанне і што гэта тутэйшае запытанне. Увесь свет мусіць адкрывацца для нас і для нашага мыслення. Свет стаў страшна маленькім, цяпер усё побач з намі. І таму мы ня можам абмяжоўваць сябе геаграфіяй альбо культурай ці палітыкай. Беларускае мысленне — гэта ня мысленне пра Беларусь, а мысленне з перспектывы тутэйшай суб’ектнасці, якая прыдумвае і вызначае сябе, якая ёсць сваім уласным праектам. Якая творыць на нашых вачах алхімію станаўлення беларускай культуры і беларускай самасці.

Як тэхнічна вы збіраецеся ўсё гэта рабіць?

— Мы не спрабуем усё прадугледзець і неяк распланаваць. Мы спрабуем паказаць узор і прыклад. Так могуць рабіць усе. Вы не абавязаныя пагаджацца з логікай перыферыйнасці і правінцыйнасці, што мы ня можам сабе дазволіць уласнае мысленне і адзінае, што нам дазволена, гэта схадзіць на прывазных інтэлектуалаў Алексіевіч. Фарматы таксама самыя розныя. Гэта і акадэмічныя тэксты, якія існуюць па-за афіцыйнымі выданнямі. Гэта відэафарматы, мы плануем размяшчаць рэцэнзіі і дыскусіі. Гэта вельмі хуткія і аператыўныя партызанскія інтэрвенцыі мыслення ў прасторы культуры, літаратуры, палітыкі і сацыяльных рэчаў.

"У кожным пакаленні беларусаў знаходзіцца клуб мысляроў, для якіх важна думаць, пісаць і ставіць пытанні"

Усё часцей кажуць, што мазгі хутка заменіць штучны інтэлект. Вы, дарэчы, як беларускі інтэлектуал, не баіцеся гэтага?

— Гэта вельмі цікавая тэма і пытанне, але абмяркоўваецца яно не так, як належыць. Асноўнае пытанне звязанае не з тым, што штучны інтэлект кагосьці заменіць. Праца чалавечага розуму была звязаная з тым, што мы прапаноўвалі пэўнае разуменне і прычыны сітуацыі. Сацыялогія і эканоміка гавораць пра тое, што ёсць прычыны сённяшняй сітуацыі, і мы мусім разумець, што адбываецца.

Штучны інтэлект не адказвае на пытанні, ані пра прычыны, ані чаму так адбываецца. Ён не дае нам разумення. Максімум, што ён можа даць, гэта прагноз на падставе аналізу дадзеных, што з вялікай доляй верагоднасці нашая сітуацыя будзе ісці ў тым і тым накірунку. Мы можам усе гэтыя прагнозы, умоўна кажучы, здаць у канцэсію карпарацыям і сказаць, што толькі Google і Facebook маюць гэтыя дадзеныя і адпаведна скарыстоўваюць іх, каб прадаць больш, для максімізацыі прыбытку. Гэта заганная логіка, бо гэтыя верагодныя будучыні нам патрэбныя дзеля таго, каб альбо ўзмацняць тэндэнцыі або супраціўляцца тэндэнцыям.

У аснове чалавецтва свабодная воля, якая выяўляецца, і штучныя алгарытмы, па-сутнасці, проста нешта лічаць. Яны могуць быць сябрамі чалавецтва, а могуць служыць толькі Google, Фэйсбуку і г. д.

Вы самі не баіцеся яго?

— Сама пастаноўка пытання такая наіўная, што хочацца проста пайсці і заплакаць.

Але перад гэтым усё ж адкажыце.

— Вы ўжо частка машыны. Нашая размова ня проста размова двух тыпаў мыслення і суб’ектнасцяў, а перамовы двух лагераў — інтэлектуальных партызанаў і мэдыякратыі, неаліберальнай машыны. Але тое, што мы спрабуем зразумець адзін аднаго, гэта насамрэч вельмі аптымістычна. Няма ніякай зададзенай варожасці, а ёсць няздольнасць ствараць новую лічуючуюся форму, якая б змянялася і была супольнай для ўсіх.

Хто сёння новыя мэтры інтэлектуальнага руху Беларусі?

— Я мог бы назваць дзясяткі інтэлектуалаў і сярэдняга веку, і зусім маладых. Яны не ёсць камандай, кожны існуе паасобку, са сваім разуменнем, у розных краінах. Беларуская моладзь раз'ехалася, працуе ў ЗША, Празе, Польшчы, Літве і Украіне, дзе заўгодна.

Пытанне ня ў тым, што мы запускаем нейкі праект па моладзі. Мы проста выстаўляем гэтую магчымасць, агеньчык, прастору беларускага мыслення і запрашаем да саўдзелу. І Андрэй Дудко, і Андрэй Строцаў, Іван Жыгал адгукнуліся. Але адгукнуліся яшчэ дзясяткі людзей, тэксты якіх будуць з'яўляцца на "Абдзіраловічы".

Гэта, магчыма, самае аптымістычнае і самае прыемнае ў беларускай сітуацыі, што ў кожным пакаленні знаходзіцца клуб мысляроў, для якіх важна думаць, пісаць і ставіць пытанні.




Радыё Свабода
[TypeError] 
count(): Argument #1 ($value) must be of type Countable|array, bool given (0)
/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/bitrix/news.detail/.default/template.php:50
#0: include
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#1: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#2: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#3: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#4: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news.detail/component.php:515
#5: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#6: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#7: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#8: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/templates/ibwm/components/bitrix/news/news/detail.php:16
#9: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:790
#10: CBitrixComponentTemplate->__IncludePHPTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component_template.php:885
#11: CBitrixComponentTemplate->IncludeTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:784
#12: CBitrixComponent->showComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:724
#13: CBitrixComponent->includeComponentTemplate
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/components/bitrix/news/component.php:336
#14: include(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:615
#15: CBitrixComponent->__includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/component.php:692
#16: CBitrixComponent->includeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/classes/general/main.php:1195
#17: CAllMain->IncludeComponent
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/news/index.php:107
#18: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/modules/main/include/urlrewrite.php:184
#19: include_once(string)
	/mnt/extra_volume/ibwm/www/bitrix/urlrewrite.php:2
----------