Абраны новы старшыня Брэсцкай абласной філіі СБП

Лявон Валасюк
У Брэсце адбыўся чарговы справаздачна-выбарчы сход Брэсцкай абласной філіі ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў". Сустрэчу берасцейскіх пісьменнікаў наведалі першы намеснік старшыні ГА "СБП" Алесь Пашкевіч і намеснік старшыні ГА "СБП" Усевалад Сцебурака. 

Падчас сходу сябрамі нашай пісьменніцкай арганіазацыі з Берасцейшчыны быў абраны новы старшыня Брэсцкай абласной філіі. Ім стаў пісьменнік і мастак Лявон Валасюк, які даўно і актыўна ўдзельнічае ў творчым жыцці арганізацыі, у складанні літаратурнага альманаха "Жырандоля" Брэсцкай абласной філіі СБП. Прысутныя не раз згадалі добрым словам Міколу Аляхновіча, які ўзначальваў філію да гэтага часу, але, на жаль, у сувязі з пагаршэннем здароўя цяпер вымушаны адысці ад арганізацыйнай працы.

Рада і Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" шчыра дзякуе спадару Міколу Аляхновічу за гады плённай працы і віншуе Лявона Валасюка з абраннем на пачэсную пасаду!



Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"