Абвешчана журы прэміі Арсенневай. Працягваецца прыём заявак


Сталі вядомыя імёны сябраў журы, якія будуць абіраць лаўрэата сёлетняй прэміі імя Наталлі Арсенневай за найлепшую беларускамоўную паэтычную кнігу.

Склад журы:

Міхал Бараноўскі - паэт, загадчык літаратурнага музея Максіма Багдановіча;
Марыяна Кіяноўская - паэтка, перакладчыца, крытык, літаратуразнаўца;
Анжэла Мельнікава - літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, выкладчыца;
Лера Сом - паэтка, бард, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры;
Дзмітры Строцаў - паэт, стваральнік альманаху “Минская школа”, арганізатар літаратурных мерапрыемстваў.


Прыём заявак доўжыцца да 14 чэрвеня. Каб падаць заяўку, запоўніце форму. Калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, два папяровыя асобнікі трэба перадаць у Саюз беларускіх пісьменнікаў (Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31-906). 

Прэмія за найлепшую кнігу паэзіі была заснаваная ў 2017 годзе ў гонар Наталлі Арсенневай – выбітнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша “Магутны Божа”. Пасля вайны Арсеннева апынулася ў эміграцыі, дзе працягвала займацца беларускай справай, удзельнічала ў культурнай і асветніцкай дзейнасці.

У  2018 годзе прэмію атрымаў Алесь Разанаў за кнігу “Перавыбранае”, а ў 2017 – Уладзімір Някляеў за кнігу “Толькі вершы”. 

Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне “Бацькаўшчына” https://zbsb.org/.  Сачыць за навінамі прэміі Наталлі Арсенневай можна на старонцы ў Facebook.



Паводле прэс-рэлізу