Абвешчаны прыём заявак на Конкурс “Экслібрыс” імя Ніла Гілевіча

У год, калі споўнілася б 90 гадоў народнаму паэту Беларусі Нілу Сымонавічу Гілевічу, ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» абвяшчае пра пачатак прыёму прац на конкурс для маладых літаратараў «Экслібрыс».

Сёлета на конкурс будуць прымацца літаратурныя працы ва ўсіх жанрах, у якіх працаваў Ніл Гілевіч: вершы, паэмы, пераклады, эсэ.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаецца творчая моладзь ва ўзросце да 35 гадоў.
Увага: да разгляду прымаюцца толькі тэксты, не апублікаваныя ў друку.

Тэксты на конкурс можна дасылаць файламі ў фармаце. doc(.docx) да 1 верасня 2021 года на адрас sbp@lit-bel.org, пазначыўшы тэмай ліста «Конкурс». У лісце мусіць быць наступная інфармацыя: імя, прозвішча, дата нараджэння ўдзельніка/удзельніцы, кантактны нумар тэлефона і e-mail.

Падвядзенне вынікаў і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудуцца ўвосень, у дзень нараджэння Ніла Гілевіча. Пераможцы атрымаюць памятныя прызы і дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеняў. Па выніках конкурсу мяркуюцца публікацыі ў часопісе «Дзеяслоў», штомесячніку «Літаратурная Беларусь» пры газеце «Новы Час».

За ходам конкурсу сачыце на сайце lit-bel.org.

Штогадовы конкурс для маладых літаратараў «Экслібрыс» заснаваны Саюзам беларускіх пісьменнікаў 8 год таму і штораз мае новую тэму. Першы ў 2012 годзе быў прысвечаны класікам-юбілярам беларускай літаратуры Паўлюку Багрыму, Якубу Коласу, Янку Купалу, Алесю Гаруну, Цішку Гартнаму, Максіму Танку, Янку Брылю і Міхасю Стральцову, другі (2013) — Янку Маўру, трэці (2014) — Аляксандру Уласаву, чацвёрты (2015) — Рыгору Барадуліну, пяты (2016) — Антону Луцкевічу, шосты (2017) — 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і Францішку Скарыну. У 2018 годзе «Экслібрыс» быў прысвечаны 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2019-м — Анатолю Сысу. У 2020-м годзе "Экслібрыс" быў прымеркаваны да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча.





Прэс-служба ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў»