Абвешчаны прыём заявак на прэмію «Дэбют»

Распачаўся прыём заявак на ўдзел у літаратурнай прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Прэмія, якая прысуджаецца за найлепшую дэбютную папяровую ці электронную кнігу на беларускай мове, будзе ўручана дзясяты раз.

«Дэбют» уганароўвае маладых аўтараў, што пішуць у жанрах, у якіх працаваў Максім Багдановіч, і ўручаецца ў намінацыях «Проза», «Паэзія», «Мастацкі пераклад».

Для ўдзелу ў конкурсе да 31 студзеня 2020 года неабходна:

– запоўніць адмысловую форму;
– даслаць на belpencentre@gmail.com электронную версію кнігі з тэмай «Дэбют»;
– перадаць або даслаць на офіс Саюза беларускіх пісьменнікаў (220012, Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31-906, званіць у дамафон 47) 2 асобнікі, калі яна выходзіла ў папяровым варыянце.

Да разгляду прымаюцца дэбютныя кнігі, напісаныя на беларускай мове ці перакладзеныя на яе (намінацыя «Мастацкі пераклад»). Узрост аўтара або перакладчыка – да 35 гадоў на момант выдання.

У кожнай намінацыі ўзнагарода складае 2000 даляраў у эквіваленце. Таксама па выбары журы могуць быць уручаны заахвочвальныя прызы, эквівалентныя 500 далярам.

Прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча заснаваная фондам «Вяртанне», Беларускім ПЭН-цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Сярод папярэдніх пераможцаў прэміі – Галіна Сіўчанка, Віталь Рыжкоў, Антон Францішак Брыль, Віктар Марціновіч, Андрэй Адамовіч, Дар’я Трайдэн, Паўліна Вітушчанка, Ганна Янкута, Дзмітры Дзмітрыеў, Кацярына Маціеўская, Таццяна Нядбай, Анатоль Івашчанка, Святлана Рогач, Андрусь Горват, Зараслава Камінская, Ганна Комар, Юля Цімафеева і іншыя.

viartannie.by