Абвешчаны шорт-ліст Прэміі Гедройца

Сябры журы Прэміі Гедройца вызначылі кароткі спіс прэтэндэнтаў на сёлетнюю прэмію. У яго ўвайшлі 6 кніг:

1. Міхал Андрасюк. Поўня. — Беласток: Праграмная рада тыднёвіка “Ніва”.

2. Алена Брава. Садомская яблыня. — Мінск: Галіяфы.

3. Сяргей Календа. Часам панкі паміраюць. — Вільня: Логвінаў.

4. Ілля Сін. Libido. — Мінск: Кнігазбор.

5. Юлія Шарова. Вяртанне Ліліт. — Мінск: Янушкевіч.

6. Сяргей Шупа. Падарожжа ў БНР. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Склад журы Прэміі Гедройца: Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст; Жана Капуста, літаратурны крытык, літаратуразнаўца; Марыя Мартысевіч, паэтка, перакладчыца, арганізатарка культурніцкіх праектаў; Анжэла Мельнікава, літаратуразнаўца; Алесь Пашкевіч, празаік, літаратуразнаўца, першы намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменікаў; Ганна Севярынец, празаік, архівіст, літаратуразнаўца, настаўніца.

Прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная Беларускім ПЭН-Цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Польскім Інстытутам у Мiнску і ўручаецца за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы. Узнагарода мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай прэміі Беларусі. Папярэднія пераможцы: Павал Касцюкевіч, “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў, “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў, “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014), Віктар Казько, “Час збіраць косці” (2015), Макс Шчур, "Завяршыць гештальт" (2016), Зміцер Бартосік, "Быў у пана верабейка гаварушчы" (2017), Уладзімір Арлоў, "Танцы над горадам" (2018).

Сёлета ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 25 верасня ў прасторы ZAL#2, што ў менскім Палацы мастацтваў. Пачатак цырымоніі — а 19:00.


Паводле арганізатараў