Абвешчаны склад журы прэміі імя Гедройца
10 траўня ў сядзібе Беларускага ПЭН-цэнтра Аргкамітэт агучыў імёны сяброў журы Прэміі Гедройца 2018. Сёлета ацэньваць празаічныя кнігі будуць: Валянцін Акудовіч, Ала Брадзіхіна, Ганна Бутырчык, Пятро Васючэнка, Сяргей Кавалёў, Марына Казлоўская, Ціхан Чарнякевіч.
Суарганізатарамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску. Адпаведна Палажэнню Прэміі, якое сёлета было дапрацавана, быў скліканы Камітэт па журы, у які ўвайшлі старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай, а таксама асоба, якая выбіраецца з сябраў журы Прэміі мінулых гадоў, -- сёлета гэта Андрэй Хадановіч.
Нагадваем, што прыём заявак доўжыцца да 31 траўня. Прэтэндаваць на ўдзел могуць кнігі, напісаныя на беларускай мове, у жанрах мастацкай і дакументальнай прозы, выдадзеныя ў папяровым альбо электронным варыянце паміж 1 студзеня і 31 снежня 2017 года.
Узнагароджанне пераможцы Прэміі Гедройца 2018 плануецца ў верасні.
Віка Трэнас, lit-bel.org