Гісторыя беларускай кнігі за тры хвіліны ад Саюза беларускіх пісьменнікаў

Саюз беларускіх пісьменнікаў адмыслова да Дня ведаў падрыхтаваў школьнікам файны падарунак – анімацыйны фільм “Ад Скарыны пачатак… Пяць стагоддзяў нашай кнігі”. Упершыню ўзноўленая сродкамі анімацыі, гісторыя беларускага кнігадруку праходзіць перад вачыма гледачоў за тры хвіліны.

“Псалтыр” Францішка Скарыны, Статуты ВКЛ, падпольныя выданні Кастуся Каліноўскага, нашаніўская пара, эпоха беларусізацыі і першая Нобелеўская прэмія па літаратуры – усе гэтыя падзеі знайшлі адлюстраванне ў анімацыйным фільме. Бо беларуская кніга, на думку стваральнікаў мультфільма, аб’ядноўвала нашу нацыю і рухала яе наперад. Дзякуючы творцам, выдаўцам і распаўсюднікам друкаванага слова сто гадоў таму паўстаў масавы беларускі рух, працягам і вынікам якога стала незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

“А дзякуючы набыткам беларусізацыі, ацалелым пасля часоў сталінскага тэрору, узнікла пераемнасць пакаленняў, друкаванае слова спадарожнічала беларусам у школе і дома да паўстання сучаснай незалежнай Беларусі. Гісторыя беларускай кнігі працягваецца, і кожны з нас можа ўпісаць у гэтую гісторыю сваю ўласную старонку”, – гаворыць Барыс Пятровіч, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Анімацыйны фільм створаны на замову Саюза беларускіх пісьменнікаў крэатыўным агенцтвам “Малако” (канцэпцыя, рэжысура, прадакшн). Агучваў анімацыйны фільм акцёр Купалаўскага тэатра Аляксандр Малчанаў пад рэжысурай Рамана Падалякі. Партнёр – грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!”

Прыемнага прагляду!

       

  

 

 


Прэс-служба ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў»