Адбылося снежаньскае паседжанне Рады СБП (+тэксты заяў)

Сёння ў культурніцкай прасторы "Вір" прайшло выніковае ў 2019 годзе паседжанне кіроўнага органа ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў". У парадку дня было некалькі важных пунктаў, сярод якіх — справаздачы рэгіянальных абласных філій арганізацыі, абмеркаванне бягучых пытанняў, звязаных з рэгіянальнай дзейнасцю Саюза, планаванне дзейнасці на 2020 год. Падчас паседжання Рада прыняла некалькі зваротаў да дзяржаўных органаў.


Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь
Аляксандру Лукашэнку

Прэм’ер-міністру Рэспублікі Беларусь
Сяргею Румасу

Міністру замежных спраў 
Уладзіміру Макею

Заява Рады ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”



Не толькі грамадзянам незалежнай Рэспублікі Беларусь, але і ўсяму свету даўно ўжо апрыкла назіраць за тымі “інтэграцыйнымі” гульнямі, якія вось ужо на працягу апошніх гадоў вядуць кіраўнікі расейскай і беларускай дзяржаў, слухаць іх заявы, якія супярэчаць адна адной. Беларускія ўлады заяўляюць, што ніколі не здадуць суверэнітэт краіны, а расейскія сцвярджаюць, што далейшае развіццё адносінаў магчымае толькі пры ўваходжанні Беларусі ў склад Расіі. Аляксандр Лукашэнка, Сяргей Румас, Уладзімір Макей запэўніваюць, што ніколі Беларусь не пагодзіцца на расейскія ўмовы, а Уладзімір Пуцін і Дзмітрый Мядзведзеў падкрэсліваюць, што ўсе “інтэграцыйныя карты” ўзгодненыя бакамі і застаецца толькі ўвесці агульную валюту і стварыць наднацыянальныя органы… Дык колькі можна ілгаць сваім народам дзеля ўтрымання асабістай улады і атрымання асабістых выгодаў?

Мы катэгарычна заяўляем, што абсалютная большасць беларускага народа супраць такой інтэграцыі з Расіяй. Беларусы хочуць жыць у сваёй дзяржаве і падтрымліваць з Расіяй добрасуседскія адносіны.

Мы звяртаемся да беларускіх уладаў з заклікам адкрыта і афіцыйна заявіць пра сваю вернасць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прынцыпам суверэнітэту, каб раз і назаўсёды зняць усе размовы пра магчымае ўваходжанне Беларусі ў склад Расіі, пра адмову ад падпісання прапанаваных Расіяй так званых “дарожных картаў” аб адзіным эмісійным цэнтры і стварэнні наднацыянальных органаў ды іншых прыдуманых пуцінскай адміністрацыяй прыхаваных спосабаў аншлюсу Беларусі. Мы патрабуем, каб усе дакументы дзяржаўнай важнасці абмяркоўваліся адкрыта і з удзелам грамадскасці.


Рада РГА "Беларускі ПЭН-Цэнтр" падтрымала прынятую заяву.

Мінск, 24 снежня 2019 г.





Старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта
Сіваку Анатолю Аляксандравічу

Міністру культуры Рэспублікі Беларусь
Бондару Юрыю Паўлавічу

Дырэктару ПКУП “Мінскпраект”
Зізову Віталю Віктаравічу


У сакавіку 2018 года ў гарадскім парку Янкі Купалы пры фінансавай падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта быў усталяваны памятны знак на месцы драўляных дамоў ХІХ стагоддзя, якія належалі сям’і выдатных дзеячоў культуры, заснавальнікаў беларускай дзяржаўнасці Антона і Івана Луцкевічаў. У адкрыцці памятнага знаку ўдзельнічалі прадстаўнікі ўлады, нашчадкі сям’і Луцкевічаў, кіраўніцтва Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, сучасныя дзеячы беларускай культуры – пісьменнікі, мастакі, скульптары, гісторыкі, навукоўцы.

У лістападзе гэтага года, падчас зямельных працаў па добраўпарадкаванні парка Янкі Купалы, будаўнічай тэхнікай былі адкрытыя падмуркі дамоў Луцкевічаў, у выніку чаго ўстаноўлена дакладнае месцазнаходжанне гэтай культурнай каштоўнасці. 

Просім змяніць праект працаў па добраўпарадкаванні парку Янкі Купалы, з мэтай зберажэння адшуканых падмуркаў і далейшай іх музеефікацыі. Прапануем разгледзець магчымасць аднаўлення дамоў Антона і Івана Луцкевічаў і адкрыцця дома-музея ў іх гонар, што магло б стаць дапаўненнем да Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і ўтварыла б новы музейны кластэр, яшчэ адну важную адметнасць на турыстычнай карце горада Мінска.

Рада ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”
Мінск, 24 снежня 2019 г.



Адміністрацыі Прэзідэнта 
Рэспублікі Беларусь

Міністэрству адукацыі 
Рэспублікі Беларусь

Копія: Старшыні Валожынскага раённага 
выканаўчага камітэта

Рада ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” у чарговы раз выказваюць глыбокую занепакоенасць пагаршэннем стану беларускамоўнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. 

Выцясненне беларускай мовы са сферы адукацыі набыло катастрафічныя маштабы. Беларуская мова, якая страціла статус адзінай дзяржаўнай у выніку рэферэндуму 1995-га года, амаль цалкам знікла з грамадскага жыцця. Асабліва ганебнай выглядае сітуацыя са станам беларускай мовы ў галіне адукацыі. 

Беларуская мова выкарыстоўваецца як асноўная мова навучання фактычна толькі ў нешматлікіх установах сярэдняй адукацыі і на асобных спецыяльнасцях вышэйшай школы. За апошнія дзесяцігоддзі спынілі сваё існаванне сотні беларускамоўных навучальных установаў па ўсёй краіне, а нацыянальны ўніверсітэт так і не паўстаў. На беларускай мове вучацца ўсяго каля 10% вучняў (гэта пераважна вучні малалікіх школ сельскай мясцовасці) і гэтая лічба мае тэндэнцыю да змяншэння.

Нягледзячы на тое, што ўлады дэкларуюць роўнасць рускай і беларускай моваў у любой сферы ўжытку, на практыцы любыя спробы бацькоў і дзяцей атрымаць адукацыю па-беларуску сустракаюць бясконцыя адміністратыўныя перашкоды. Нават ініцыятыўныя групы з 10-15 чалавек, што падаюць заявы аб адкрыцці беларускамоўных класаў і групаў у садках, найчасцей не могуць рэалізаваць свае канстытуцыйныя правы праз бяздзейнасць, а часам і адкрытае супрацьдзеянне чыноўнікаў рознага ўзроўню.

Тым больш прыкрымі выглядаюць выпадкі з адваротнымі сітуацыямі, калі грамадзяне звяртаюцца да ўстановаў адукацыі з просьбамі стварыць рускамоўныя класы ў беларускіх школах. Аператыўнасць, з якой адрэагавала камісія з Валожынскага райвыканкама на зварот 8 грамадзянаў стварыць рускамоўны клас у Ракаўскай беларускай школе, ілюструе прадуманую палітыку знішчэння беларускамоўнай адукацыі ў краіне ў цэлым. 

Заклікаем дзяржаўныя ўлады ўсіх узроўняў звярнуць увагу на сістэматычныя і грубыя парушэнні заканадаўства ў сферы рэалізацыі права грамадзянаў Рэспублікі Беларусь на атрыманне адукацыі на дзяржаўнай мове і спыніць ганебную практыку закрыцця беларускіх класаў і школ. 

Рада ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”
Мінск, 24 снежня 2019 г.


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"