Адкрыла новы навучальны год Школа маладога пісьменніка

На выходных у мінскай культурніцкай прасторы "Тартак" (вул. Магілёўская, 2, к.2) адбыліся першыя заняткі ў Школе маладога пісьменніка пры ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў". Разам сабраліся пісьменнікі і пісьменніцы, якім пашчасціла прайсці праз суворае рэшата адбору: конкурс на паступленне ў Школу сёлета быў больш як 4 чалавекі на месца (86 заявак на 20 месцаў). Сярод студэнтаў было шмат менчукоў, але на заняткі прыехалі людзі і з Віцебска, Пінска, Маладэчна.

Адкрыў навучальны дзень празаік, галоўны рэдактар часопіса "Дзеяслоў", старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, які акурат  і павіншаваў новапрынятых. Барыс Пятровіч расказаў пра ўнікальнасць гэтага праекта для Беларусі, у той час як у Еўропе падобныя школы маюць даўнішнія традыцыі, зацверджаныя прынцыпы выкладання, некаторыя з якіх былі перанесеныя на беларускую глебу пасля знаёмства з замежным досведам. Віншаванні і асноўныя арганізатацыйныя пытанні былі агучаныя тэхнічнымі куратарамі Школы Усеваладам Сцебуракам і Ціханам Чарнякевічам.

SMP_850.jpg

Пра будучыя чэленджы і жудасці, каб загартаваць і папярэдзіць навучэнцаў, распавялі выкладчыцы школы: загадчыца кафедры замежнай літаратуры БДУ, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Ганна Бутырчык, пісьменніца, журналістка, літаратурны крытык, паэтка Людміла Рублеўская, кандыдат філалагічных навук, літаратуразнаўца, пісьменніца, ілюстратарка Наталля Паваляева. Перш за ўсё, яны заклікалі да адказнасці перад Школай, бо падчас навучання трэба будзе выконваць нямала практычных заданняў, скіраваных на развіццё літаратурных здольнасцей. І ўкладацца ў тэрмін! Бо ўсё, што напішуць навучэнцы, будзе абмяркоўвацца не толькі выкладчыцамі, але і калегамі па першым курсе.

 Пасля знаёмства навучэнцаў з выкладчыкамі і перапынку на каву Школа маладога пісьменніка пачала свае першыя заняткі.


Школа маладога пісьменніка пры ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў працуе з 2012 года як нефармальны адукацыйны праект, сертыфікат аб яе заканчэнні не замяняе дыплома афіцыйных навучальных устаноў. Форма працы: практычныя заняткі ў прозе з пастаяннымі выкладчыкамі, лекцыі і майстар-класы запрошаных навукоўцаў і аўтараў.


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"