Адкрыццё фестывалю інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” (фотарэпартаж)

Учора, 27 мая, у культурніцкім інкубатары “ОК16 адбылося” ўрачыстае адкрыццё Фестывалю інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”. Прысутных прывітаў Андрэй Хадановіч, які вёў цырымонію. Ён адзначыў, што “фестываль “Прадмова” – гэта месца сустрэчы ўсіх, хто працуе над кнігай”.

Філосаф Павал Баркоўскі, ініцыятар і адзін з арганізатараў фестывалю, прапанаваў праверыць, “наколькі беларусы не толькі адукаваныя, але і інтэлектуальныя”, бо, як вядома, наша краіна ўваходзіць у топ-20 у сферы адукацыі.

Выдавец Зміцер Вішнёў, які параўнаў сябе з вясельным генералам, адзначыў атмасфернасць абранай пляцоўкі. Распачаўся першы дзень фестывалю лекцыяй Ірыны Дубянецкай, прысвечанай беларускай Бібліі Францішка Скарыны, дыскусіяй пра інтэлектуальную літаратуру, аўтарскімі паэтычнымі чытаннямі ды музычным выступам этна-спявачкі Ірэны Катвіцкай.

З поўнай праграмай фестывалю на ўсе дні можна пазнаёміцца тут, а ўсе магчымыя змены лепей адсочваць у адмысловых фестывальных суполках у сацыяльных сетках “Вконтакте” і Facebook.

Арганізатар: установа культуры  “Кніжны офіс”


Фота – Аляксандр Кісялёў, budzma.by