Адкрываем летні сезон з “Будзьма беларусамі!”

Прыйшло нарэшце доўгачаканае лецейка! Культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” разам са сваімі сябрамі працягвае радаваць Вас творчымі імпрэзамі.

Так падчас фестываля інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” (27 – 31 траўня) у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбыўся шэраг творчых сустрэч.

Пятро Васючэнка, пісьменнік, загадчык кафедры беларускай літаратуры Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта, аўтар разнапланавых кніг, у тым ліку і чароўных аповедаў пра вясёлых паноў, прэзентаваў сваю новую кнігу “Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага”. Новыя прыгоды вясёлых паноў прыйдуцца даспадобы не толькі дзецям, але і дарослым.

Алесь Камоцкі, паэт, выканаўца ўласных песень, радаваў гасцей фестываля сваім музычным мастацтвам, а таксама прэзентаваў кнігу “Алесь Камоцкі: выбраныя вершы”.

І яшчэ адна кніга была прэзентавана на фестывалі аўтара Юрыя Усціновіча “Майстар Рукша” – нечаканая інтэрпрэтацыя асноўнага сюжэта беларускай міфалогіі. Кнігу прэзентаваў дудар Яўген Барышнікаў.

Больш падрабязнасцяў гл. тут

Лета – час пікнікоў. Для тых, хто любіць спалучаць гастранамічныя экзэрцысы з філасофска-літарурнымі, была мажлівасць гэта зрабіць на «Трансцэндэнтым Пікніку» з Вольгай Гапеевай.

2 чэрвеня ў кнігарні Логвінаў прайшла прэзентацыя кнігі Вольгі Гапеевай “(в)ядомыя гісторыі. Paper version”.

Імпрэза ладзілася ў фармаце літаратурнага хэпэнінга пад назвай “Трансцэндэнты Пікнік”, сярод запрошаных гасцей былі Анка Упала, Юля Цімафеева, Альгерд Бахарэвіч, Ірына Герасімовіч і Валянцін Акудовіч. Мадэраваў сустрэчу – Максім Жбанкоў. Літаратары падзяліліся сваім бачаннем кнігі Вольгі Гапеевай і прачыталі свае творы. Музычнае аздабленне мерапрыемства ствараў электронны музыка Уладзіслаў Бубен.

Вялася анлайн-трансляцыя падчас імпрэзы, тут можна паглядзець, што і як адбывалася

Таксама 2 чэрвеня пры ўдзеле ГКК “Будзьма беларусамі!” адбыўся цудоўны оўпэн-эір на возеры Сялява – “Зялёныя святкі”. Арганізатарам свята выступаў Кемпінг 1 пад кіраўніцтвам старшыні Саюза кемпінгаў Беларусі Уладзіміра Рудога. А адбылося свята, дзякуючы праграме малых грантаў Амбасады ЗША на Беларусі ў межах “Праграмы падтрымкі будаўніцтва кемпінгаў у Беларусі “Зялёная Беларусь”.

Фэст быў прымеркаваны да “Зялёных святак” – развітання з вясной і сустрэчай лета. На шыкоўнай пляцоўцы Кемпінга 1 праводзіліся старадаўнія траецкія абрады: госці “завівалі бярозку”, удзельнічалі ў абрадзе “кумавання” і “ваджэння кусты” (фальклорны гурт “Радзіна” в. Новіны, Бярэзінскі раён). Таксама выступалі фальклорныя і эстрадныя калектывы Крупскага і Талачынскага раёнаў.

Увечары ладзілі імпрэзы сябры кампаніі “Будзьма беларусамі!”: гурт “Балцкі Субстрат”, спявачка Таццяна Матафонава і бард Андрэй Мельнікаў. Імправізаваны канцэрт ад “Балцкага Субстрата” паказаў гасцям жывую, сучасную, прыгожую і модную беларускую мову: блюз, фолк-рок – таксама могуць гучаць па-беларуску.

Пасля адбыўся майстар-клас па старажытных танцах розных краін Еўропы ад сяброў кампаніі – гурта танцаў народаў свету “Кастарват” Путчынскага дома культуры. Македонскія, венгерскія, французскія, румынскія, мальційскія і, канешне ж, беларускія танцы развучвалі ўсе жадаючыя больш за гадзіну (пакуль яшчэ была моц у нагах ☺).

І напрыканцы дня ля вогнішча спявалі Таццяна Матафонава і Андрэй Мельнікаў. Рамансы, калыханкі, балады, лірычныя і гістарычныя песні – шмат чаго пачулі на Сяляве гэтай ноччу. Шчырыя словы падзякі гучалі ў адрас кампаніі і выканаўцаў. Але найбольш прыемным было тое, што госці, якія на пачатку сустрэчы прасілі перайсці на рускую мову, пасля самі сталі намагацца размаўляцть па-беларуску і прасілі спевакоў прапець яшчэ што-небудзь на РОДНАЙ мове. Цёплыя “пасядзелкі” ля вогнішча доўжыліся да рання – спаць разыходзіліся ўжо а 6-й ранку. (фота 6 – 8). Відэа


P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з “Будзьма беларусамі!” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!