Адпачываем з “Будзьма беларусамі!”

Лета пануе на нашай зямлі. У школьнікаў – вакацыі, хтосьці ўжо з’ехаў у адпачынак. А нашыя сябры працягваюць радаваць вас прыемнымі і карыснымі сустрэчамі.

У апошні дзень школьных летнікаў 22 чэрвеня ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” да школьнікаў у Радашковічы і Маладзечна завіталі беларускія паэты Уладзімір Мароз і Васіль Жуковіч.

Спадар Уладзімір, творчасць якога цесна звязана з гісторыяй, правёў невялікую віктарыну па гісторыі беларускай кнігі, згадаўшы друкарскую і асветніцкую справу Францыска Скарыны, прачытаў верш “Старажытнае слова”. Частка пытанняў тычылася гісторыі беларускай дзяржаўнасці ў звязку з 100-годдзем БНР. За правільныя адказы вучні атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Але адной гэтай тэматыкай сустрэчы не вычэрпваліся. Паэты чыталі свае вершы пра Беларусь, пра яе цудоўную прыроду, пра родную мову. Вершы для дзяцей прачытаў Васіль Жуковіч, ён загадваў таксама сур’ёзныя і жартаўлівыя паэтычныя загадкі. За правільныя адгадкі дзеці таксама атрымлівалі падарункі. Сустрэчы прайшлі ў творчай, зацікаўленай атмасферы.

Гэтым жа днём адбылася яшчэ адна сустрэча. У школьным гарадскім летніку “Спадчына”, які дзейнічае пры бібліятэцы СШ № 18 у горадзе Брэсце адбылася сустрэча навучэнцаў з паэтам, бардам, даследчыкам літаратуры Сержам Мінскевічам. 

Мерапрыемства праходзіла ў дзень 77-й гадавіны з пачатку страшнай вайны і было прысвечана загінулым і пацярпелым абаронцам радзімы. Серж Мінскевіч і вядучы літаратурнай сустрэчы Вячаслаў Корбут прачыталі свае вершы на ваенную тэматыку. І, нягледзячы на тое, што Другая сусветная вайна была адной з найцяжэйшых і жорсткіх войнаў у гісторыі чалавецтва і Беларусі, выступоўцы адзначылі, што і ў іншыя эпохі нашыя землякі неаднаразова ўставалі на абарону сваёй Радзімы. Іх адвага была прыкладам для наступных пакаленняў. Серж Мінскевіч выканаў песні, прысвечаныя беларускаму рыцарству, гісторыі Беларусі, а таксама пазнавальным паходам па сваёй старонцы і наагул па нашай планеце. Мерапрыемства праходзіла ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” У канцы госць адказаў на разнастайныя пытанні, падпісаў школьнікам беларускамоўныя паштоўкі.

P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з “Будзьма беларусамі!” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!